Хілары Клінтан: У Пуціна ёсць нешта на Трампа
- 22.10.2026, 7:52
Былая дзяржсакратарка ЗША прывяла сведчанні.
Уступкі Трампа Маскве могуць тлумачыцца кампраматам, які, мяркуюць, ёсць у Пуціна на яго. Пацвярджэннем гэтай версіі называюць супраціў прэзідэнта ЗША абнародаванню файлаў Эпштэйна.
Пра гэта паведаміла былая дзяржсакратарка ЗША Хілары Клінтан у падкасце High Stakes, які яна вядзе разам з журналісткай Карай Свішэр.
Свішэр спытала, чаму Трамп менавіта цяпер аслабляе ціск на Расію. Клінтан назвала некалькі прычын, і адна з іх — магчымы кампрамат.
«Я дагэтуль лічу, што ў Пуціна ёсць нешта на Трампа», — сказала яна. Паводле слоў Клінтан, гаворка можа ісці пра фота, відэа — «што заўгодна».
Доказам былая дзяржсакратарка лічыць тое, наколькі ўпарта Трамп супраціўляўся абнародаванню файлаў Эпштэйна. На яе думку, логіка прэзідэнта ЗША простая: трымаць Пуціна задаволеным, каб той не абнародаваў тое, што мае.
Клінтан зноў назвала Трампа марыянеткай Пуціна, як і на дэбатах дзесяць гадоў таму, калі была кандыдаткай у прэзідэнты. Тады, паводле яе слоў, яна папярэджвала пра сувязі Трампа з Крэмлём, а цяпер свет бачыць гэтаму пацвярджэнне ўжывую.
Яна таксама дапусціла, што Трамп хоча падзяліць свет на сферы ўплыву: ЗША дастануцца Паўночная і Паўднёвая Амерыка, Пуціну — Расія і Еўропа, а Сі Цзіньпіну — астатні свет. Клінтан папярэдзіла, што Пуцін не спыніцца ва Украіне.
За апошнія тыдні Трамп зрабіў некалькі крокаў насустрач Маскве. Ён замарозіў закон аб санкцыях супраць Расіі, патлумачыўшы гэта нежаданнем адштурхнуць Маскву ад перамоваў, а перад гэтым узгадніў рашэнне аб пастаўках расійскага дызельнага паліва.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю Bloomberg заявіў, што крокі Вашынгтона выглядаюць як спроба схіліць Украіну да капітуляцыі. Паводле яго слоў, у Трампа добрыя адносіны з Пуціным, але прымусіць яго скончыць вайну прэзідэнт ЗША не можа.
Паралельна, паводле The Wall Street Journal, Пуцін прапанаваў Трампу і Сі Цзіньпіну правесці трохбаковы саміт і абмеркаваць завяршэнне вайны без удзелу Украіны.