BE RU EN

У чаканні новых хваляванняў у Парыжы падаўжылі камэнданцкую гадзіну

  • 23.10.2026, 9:29

А ў Марсэлі і Ліёне забаранілі пратэсты.

Французскія ўлады падаўжылі да панядзелка камэнданцкую гадзіну, уведзеную ў некалькіх раёнах цэнтра Парыжа, і забаранілі любыя акцыі пратэсту ў Марсэлі і Ліёне ў бліжэйшыя выхадныя, піша Бі-бі-сі.

У суботу, калі чакаюцца новыя дэманстрацыі, у сталіцы Францыі таксама будуць зачынены Лувр, музеі д’Арсэ і Пікасо.

Францыя ўсё яшчэ не апамяталася ад маштабных беспарадкаў, што адбыліся мінулымі выходнымі, калі масавыя пратэсты супраць высокага кошту жыцця і ўмоваў навучання ў школах аказаліся ў цені пагромаў і марадзёрства, у выніку якіх былі разбураныя камерцыйныя і гістарычныя будынкі.

У іншых рэгіёнах краіны, дзе пратэсты не цалкам забароненыя, у суботу будуць дазволены толькі ўзгодненыя дэманстрацыі прафсаюзаў, заявіў прэзідэнт Эмануэль Макрон.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Жан-Дзідзье Бэржэ заявіў, што колькасць паліцэйскіх, задзейнічаных для забеспячэння парадку, будзе павялічана на 20% у параўнанні з мінулымі выходнымі. Раней урад абвінавацілі ў тым, што маштабы беспарадкаў заспелі яго знянацку.

У чацвер міністр юстыцыі Францыі Жэральд Дарманэн паведаміў, што па выніках паскораных судовых разглядаў за ўдзел у беспарадках мінулымі выходнымі да пазбаўлення волі былі прысуджаныя 217 чалавек. Чакаецца, што іх колькасць узрасце.

Па словах Дарманэна, па ўсёй Францыі былі затрыманыя 2700 чалавек, больш за тысячу з іх ужо прадсталі перад судом.

Як паведамляе газета Le Figaro, міністр адзначыў, што палова затрыманых раней не мела судзімасцяў.

Паліцыя Парыжа абвясціла пра падаўжэнне да панядзелка камэнданцкай гадзіны на плошчы Рэспублікі, дзе мінулымі выходнымі збіраліся пратэстоўцы, а таксама ў ваколіцах гандлёвага цэнтру і транспартнага вузла Les Halles.

Як паведаміла прэфектура французскай сталіцы, перамяшчэнне ў абедзвюх гэтых зонах будзе забаронена з 23:00 да 06:00 па мясцовым часе (21:00—04:00 па Грынвічу, а з 25 кастрычніка, пасля пераходу на зімовы час, 22:00—05:00 па Грынвічу). Рашэнне прынята па распараджэнні міністра ўнутраных спраў Ларана Нуньеса і прэм’ер-міністра Себасцьена Лекорню.

У суботу ў Марсэлі будзе прыпыненая праца грамадскага транспарту, каб перашкодзіць паўтарэнню беспарадкаў.

Мінулымі выходнымі ў горадзе адбыліся адны з найбольш жорсткіх сутыкненняў цяперашняй хвалі беспарадкаў. Шкода была нанесеная больш як 500 прадпрыемствам.

Прэфектура дэпартамента Буш-дзю-Рон, да якога адносіцца Марсэль, абвясціла, што камэнданцкая гадзіна, раней устаноўленая для непаўналетніх, у ноч на 24 кастрычніка будзе распаўсюджаная на ўсё насельніцтва. Абмежаванні будуць дзейнічаць з 23:00 да 05:00 па французскім часе.

Аналягічныя меры абвешчаныя ў Ніцы на поўдні краіны, у Тулоне на Міжземнаморскім узбярэжжы, у Руэне на паўночным захадзе і Грэноблі на ўсходзе Францыі.

У чацвер Макрон правёў нараду з прадстаўнікамі спецслужбаў і міністрамі, прысвечаную падрыхтоўцы да чарговага агульнанацыянальнага дня пратэстаў, запланаванага на суботу.

«Агульная рэкамендацыя заключаецца ў тым, каб дэманстрацыі не праводзіліся. Тым, хто хоча працягваць пратэставаць у межах прафсаюзных арганізацый, прэфекты прапануюць альтэрнатыўныя маршруты, — заявіў прэзідэнт Францыі. — Калі ж гаворка ідзе не пра прафсаюзныя арганізацыі, такія акцыі будуць забараняцца ўсюды, дзе гэта магчыма».

Макрон таксама асудзіў тое, што ён назваў «палітычнымі і нават мяцежнымі дзеяннямі, арганізаванымі ультралевымі групоўкамі, якія імкнуцца зрынуць Рэспубліку».

Рух «жоўтых камізэлек» (gilets jaunes) стаяў за арганізацыяй многіх пратэстаў мінулымі выходнымі. Улады Парыжа паведамілі, што некалькі запланаваных гэтым рухам шэсцяў былі забароненыя.

На працягу тыдня частковая камэнданцкая гадзіна, якая прадугледжвае розныя абмежаванні на перамяшчэнне моладзі і правядзенне масавых сходаў, дзейнічала ў шэрагу гарадоў, уключаючы Марсэль, Бардо, Ніцу, Ліён і Ліль.

Прэм’ер-міністр Себасцьен Лекорню паабяцаў на гэтым тыдні «маштабнае» разгортванне паліцэйскіх сіл для прадухілення магчымых беспарадкаў у бліжэйшыя выходныя. Аднак некаторыя супрацоўнікі паліцыі распавялі французскім СМІ, што не праходзілі падрыхтоўку для працы ва ўмовах масавага скаплення людзей.

Вандалізм і пагромы

Каля 550 тысяч чалавек узялі ўдзел у дэманстрацыях 17 кастрычніка, пратэстуючы супраць росту цэн на паліва і павышэння кошту жыцця. Акцыі пратэсту набылі больш маштабны характар пасля некалькіх тыдняў выступаў школьнікаў.

Падчас пратэстаў мінулымі выходнымі дэманстранты падпалілі будынак турыстычнага бюро Ліёна.

У Ліможы ў суботу агонь ахапіў гадзіннікаву вежу і частку даху багата аздобленага будынка гарадской мэрыі, пасля чаго яны абрынуліся.

У чацвер быў затрыманы другі падазроны ў падпале — 66-гадовы мужчына. Раней паліцыя затрымала мужчыну ва ўзросце каля 30 гадоў па падазрэнні ў замаху на забойства паліцэйскіх, якія знаходзіліся ў будынку мэрыі ў момант узнікнення пажару.

У Парыжы вандалы пашкодзілі знакамітую плошчу Рэспублікі. Групы ўдзельнікаў беспарадкаў захапілі асобныя раёны сталіцы, уладкаваўшы там пагромы.

Беспарадкі адбываюцца ў апошнія месяцы прэзідэнцтва Эмануэля Макрона. Прэзідэнцкія выбары ў Францыі адбудуцца ў два туры 18 красавіка і 1 мая наступнага года.

Апошнія навіны