BE RU EN

З'явілася відэа абмену Анджэя Пачобута на польска-беларускай мяжы

  • 23.10.2026, 11:39

Гістарычныя кадры.

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) 23 кастрычніка апублікавала відэа абмену зняволенымі паміж Польшчай і Беларуссю, у выніку якога на волю выйшаў журналіст Анджэй Пачобут. Абмен адбыўся яшчэ ў красавіку.

Запісы ў ABW паказалі напярэдадні эфіру: спецслужба прыме ўдзел у праграме «Новая халодная вайна» на польскім тэлебачанні, выпуск выйдзе 25 кастрычніка.

«Мы падзяліліся фрагментамі відэазапісаў з месца правядзення аперацыі, а супрацоўнік ABW распавёў пра закулісныя дэталі абмену і спецыфіку падобных аперацый», — растлумачылі ў ведамстве.

Нагадаем, 28 красавіка Беларусь і Польшча правялі абмен затрыманымі па формуле «пяць на пяць» у пункце пропуску «Баброўнікі» (з беларускага боку — «Бераставіца»). Сярод тых, каго перадалі Польшчы, быў і палітвязень Анджэй Пачобут.

У лютым 2023 года суд у Гродне прысудзіў Анджэя Пачобута да 8 гадоў калоніі па артыкулах аб распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК) і закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (артыкул 361-3 КК).

Анджэя некалькі разоў змяшчалі ў ПКТ у Наваполацкай калоніі. У зняволенні ён моцна схуднеў, перанёс аперацыю па выдаленні язваў на скуры. У кастрычніку 2025 года ён завочна атрымаў Прэмію Сахарава, у лістападзе ён атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Польшчы — ордэн Белага Арла.

Апошнія навіны