Макрон сустрэнецца з прадстаўнікамі вучняў
- 23.10.2026, 12:00
Упершыню з пачатку пратэстаў у Францыі.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у пятніцу, 23 кастрычніка, сустрэнецца з прадстаўнікамі навучэнцаў і праваахоўнымі органамі напярэдадні аднаўлення пратэстаў.
Пра гэта паведамляе France24.
Сустрэча французскага прэзідэнта з прадстаўнікамі руху старшакласнікаў – першая з моманту пачатку студэнцкіх пратэстаў, якія цягнуцца ўжо больш за месяц.
Прэзідэнт таксама правядзе новае пасяджанне савета па пытаннях абароны з мэтай падрыхтоўкі да запланаваных на суботу дэманстрацый.
Тым часам прэм’ер-міністр Францыі Себасцьен Лякорню у пятніцу наведае Лімож – горад, які асабліва моцна пацярпеў 17 кастрычніка, бо там пратэстоўцы падпалілі будынак гарадскога савета. Цяпер у горадзе праводзіцца расследаванне абставін пажару.
Нагадаем, у Францыі ўжо больш за месяц працягваюцца масавыя пратэсты, што пачаліся з дэманстрацый старшакласнікаў, якія выступалі супраць дрэнных умоў навучання. Пазней да пратэстаў далучыліся прадстаўнікі розных прафесій, якія выступаюць супраць павышэння цэн, нізкіх заробкаў і г.д.
Падчас найбуйнейшых пратэстаў 17 кастрычніка па краіне назіраліся шматлікія выпадкі гвалту і марадзёрства. На суботу, 24 кастрычніка, запланаваная другая хваля «нацыянальнай мабілізацыі» насельніцтва. У некаторых гарадах, у прыватнасці ў Марсэлі, забаранілі пратэсты і прыпыняць на суткі працу грамадскага транспарту, асцерагаючыся беспарадкаў.