BE RU EN

Перад Пуціным стаяць дзве пагрозы

  • Аббас Галлямаў
  • 23.10.2026, 12:30

Ён падобны да Панікоўскага ў той момант, калі той зразумеў, што гіры зусім не залатыя.

Пуцін баіцца, што, спыні ён вайну, не дасягнуўшы калісьці заяўленых мэтаў, расіяне ўспрымуць гэта як доказ таго, што без яе ўвогуле можна было абысціся. Маўляў, калі без Пакроўска можна пражыць у 2026‑м, дык чаму нельга было ў 2022‑м? А пакуль баявыя дзеянні працягваюцца, даказаць гэта, на думку расійскага прэзідэнта, нельга.

Асабліва небяспечнай выглядае пэўная нармалізацыя жыцця, якая абавязкова адбудзецца пасля вайны. Пасля гэтага наогул стане незразумела, навошта трэба было ваяваць. Маўляў, вось жа: жыві ды радуйся, навошта яму наогул спатрэбіўся гэты Данбас?

Яшчэ адна — нават больш фундаментальная — праблема звязаная з тым, што у якасці мэтаў спачатку было заяўлена столькі ўсяго, што нават дасягненне адной з іх не зможа кампенсаваць няздольнасць дасягнуць іншых. Уявім, што Пуцін захапіў увесь Данбас і спыніў вайну. А што з праблемай «недэнацыфікаванага» і «недэмілітарызаванага» Кіева? Ах, аказваецца, гэта не страшна? А чаму ў 2022‑м было страшна?

Ці ўявім, што цяпер вайна спыніцца на ўмовах няўступлення Украіны ў НАТА. Гэта ніяк не перакрые таго факта, што ЗСУ цяпер узброеныя да зубоў, неверагодна злыя на Расію і — самае галоўнае — не слабейшыя за сваіх расійскіх візаві. Масква ж так і не змагла іх разграміць. «Дык у чым поспех? Чым нам у гэтай сітуацыі дапаможа Данбас?» — запытае сярэдні расіянін. Пуцін не знойдзе, што адказаць на гэтае пытанне.

Цяпер на пытанне «Чаму не ўдалося дэмілітарызаваць Украіну?» можна адказаць: «Таму што мы яшчэ не скончылі». Пасля спынення вайны гэты адказ перастане працаваць.

Менавіта таму працяг вайны мае для Пуціна самастойную палітычную вартасць. Ён дазваляе не столькі наблізіць перамогу, колькі адкласці момант падвядзення вынікаў.

Гэта вельмі важна, таму дазвольце вылучу гэта тлустым шрыфтам: той факт, што Пуцін працягвае ваяваць, зусім не азначае, што ён разлічвае на перамогу, проста яму падаецца, што, пакуль вайна працягваецца, яе няўдачы можна падаваць як часовыя. Як толькі баявыя дзеянні скончацца, яны ператворацца ў канчатковыя.

Я б параўнаў Пуціна з Панікоўскім у момант, калі той ужо зразумеў, што гіры, якія ён пілуе разам з Балаганавым, не залатыя. Спрабуючы адцягнуць момант расплаты, які, як яму ўсё больш відавочна, непазбежны, ён пераконвае: «Піліце, Шура, піліце».

***

Праблема ахвяр гэтай вайны мае асаблівую дынаміку. Пакуль працягваюцца баявыя дзеянні, гібель людзей можна патлумачыць неабходнасцю дасягнуць перамогі. Маўляў, загінулыя аддалі жыцці недарма, бо пастаўленая мэта абавязкова будзе дасягнутая. Але калі вайна завершыцца без відавочнай перамогі, непазбежна паўстане пытанне: дзеля чаго яны загінулі?

Асабліва небяспечным для Пуціна будзе тое, што гэтае пытанне будуць задаваць не толькі праціўнікі вайны, але і людзі, якія яе падтрымлівалі, тыя, хто адпраўлялі на фронт сваіх блізкіх і шчыра верылі прапагандзе.

***

Усё вышэйсказанае зусім не азначае, што вайна будзе працягвацца вечна. Аб’ёмы негатыву, звязанага са знясіленнем рэсурснай базы рэжыму, нарастаюць, і ў пэўны момант яны канчаткова пераважаць усё астатняе — уключна з меркаваннямі прэстыжу і нежаданнем адказваць на згаданыя вышэй пытанні.

У цэлым можна сказаць, што перад Пуціным стаяць дзве пагрозы.

Першая — працяг вайны, якая паступова падточвае эканамічныя, фінансавыя, чалавечыя і палітычныя рэсурсы рэжыму.

Другая — спыненне вайны, якое можа запусціць працэс пераацэнкі ўсяго, што адбылося.

Першая пагроза існуе ўжо сёння, другая пакуль носіць патэнцыйны характар.

Дзейнічаючы ў духу Гамлета, апісаным у яго знакамітым маналогу, Пуцін аддае перавагу сённяшнім праблемам перад заўтрашнімі рызыкамі. Страх перад будучыняй паралізуе яго, пазбаўляе здольнасці здзейсніць радыкальны крок. Няхай усё ідзе як ідзе, здаецца яму.

Аднак па меры знясілення рэсурсаў сённяшнія страты будуць станавіцца ўсё больш небяспечнымі. У пэўны момант яны могуць апынуцца страшнейшымі за будучую расплату.

Аббас Галлямаў, «Тэлеграм» .

Апошнія навіны