BE RU EN

Вітрувіянскі беларус

  • Ірына Халіп
  • 23.10.2026, 13:39

Палітзэкі нам нічога не павінны.

На мінулым тыдні многія недаўмявалі, прачытаўшы навіну пра тое, што былы беларускі палітвязень Аляксей Коршун пайшоў ваяваць за Расію. І яшчэ адна навіна гэтак жа шакавала многіх: іншы былы палітвязень Яўген Сямёнаў арыштаваны ў Латвіі пры перавозцы нелегальных мігрантаў. А крыху раней прапаганда з радасцю падхапіла відэаролік былога палітвязня Віталя Бандарука, які кажа, што нянавідзіць беларускую мову і што яму больш не па дарозе з беларусамі. Але што ва ўсім гэтым шакавальнага? Не разумею, шчыра кажучы.

Нядаўна я размаўляла з валанцёркай Аленай. Алена — расіянка, якая падтрымлівае украінскіх і расійскіх палітзэкаў. Найчасцей гэта выкрадзеныя на акупаваных тэрыторыях мірныя жыхары, якія атрымалі драконаўскія тэрміны за «шпіянаж» і сядзяць у калоніях. Алена ім піша лісты, заказвае прадуктовыя наборы ў турэмнай атавaрцы (у Расіі кожны ахвотны можа аплаціць атавaрку зняволенаму), звязваецца з праваабаронцамі і сваякамі ва Украіне, якія не маюць доступу да сэрвісу «ФСІН-ліст». Я гатавала матэрыял пра ўкраінкаў у мардоўскай калоніі, і Алена была бясцэннай крыніцай інфармацыі: у яе ў калоніях каля пяцідзесяці карэспандэнтаў. У канцы размовы яна сказала: «Вы зразумейце, цяперашнія палітвязні — гэта не дысыдэнты шасцідзясятых. Тыя свядома ішлі на рызыку, разумеючы, што ў любы момант іх могуць пасадзіць. Цяпер большасць — ахвяры новага Вялікага тэрору, тыя, хто ніяк не чакаў, што пасадзяць, і не разумеюць, за што». Вельмі слушныя словы. І да беларускіх палітзэкаў яны гэтак жа датычацца.

Аляксей Коршун, асуджаны за каментар у сацсетцы, напісаў яго яшчэ ў маі 2020 года, падчас пандэміі. Ніхто не ведае, ці ўдзельнічаў ён у пратэстах. Але злы каментар наконт бяздзеяння беларускіх уладаў у разгар кавіду пакінуў. І ў сакавіку 2021 года за ім прыйшлі. Тэрмін — два з паловай гады. Па амністыі заменілі калонію на «хімію», адтуль ён уцёк, хаваўся ў Расіі, потым быў экстрадаваны і адседзеў свой тэрмін. Потым ізноў з'ехаў у Расію, а цяпер ваюе. Якія да яго могуць быць пытанні? Ён на барацьбу за свабоду не падпісваўся і зрабіў свой выбар добраахвотна.

Яўгена Сямёнава таксама арыштавалі вясной 2021 года і таксама за каментары — у адрас ГУБАЗіКа. Прысуд — пяць гадоў. Адседзеў чатыры з лішнім гады, а летась у верасні быў выдварэны ў Літву яшчэ з некалькімі дзясяткамі палітвязняў. Гэта было тое самае выдварэнне, калі Мікалай Статкевіч вярнуўся ў Беларусь. А Яўген Сямёнаў апынуўся ў Літве, і што было далей, ад той мяжы да машыны з нелегаламі, — невядома. Дарэчы, Віталь Бандарук з хамскага відэа пра нянавісць да беларускай мовы таксама сядзеў за каментары і быў вывезены ў Літву ў верасні мінулага года.

Найбольшае выпрабаванне, праз якое праходзяць палітвязні, — гэта не ШІЗА, не жоўтыя біркі экстрэмістаў, не здзекі адміністрацыі. Найцяжэйшыя для іх — міфы, якія ствараем мы, — тыя, хто на волі. Чалавек сядзіць, а тым часам мы хорам спяваем гімны герою і бунтаўніку і ствараем вобраз дасканаласці, вітрувіянскага чалавека з карцінкі. Зона дзейнічае на людзей па-рознаму. Хтосьці мацнее, хтосьці ламаецца. Адзін пачынае супрацоўнічаць з адміністрацыяй, другі не выходзіць з ШІЗА праз адмову супрацоўнічаць. Але сутнасць, нутро, ества чалавека ўсё адно застаюцца ранейшымі. У турме губляюць і набываюць, але не становяцца прарокамі.

А мы тут, у цяпле, іх ужо сабе прыдумалі. Вось зараз як выйдуць, як скажуць — і ўвесь свет іх пачуе і зразумее, а мы атрымаем кіраўніцтва да дзеяння і возьмем Дразды за тры дні. І калі палітвязні ўсё ж выходзяць, мы пачынаем шчыра дзівіцца: «Што за лухту ён нясе? А яна што, дура, аказваецца?» Мы адчуваем сябе падманутымі і пачынаем разбураць уласнаручна створаныя міфы з тым жа рэвалюцыйным запалам, з якім іх стваралі.

Але яны нам, па-першае, не абяцалі быць ні героямі, ні лапачкамі. А па-другое, не прасілі, каб мы іх кананізавалі. Палітвязень — гэта чалавек, якога пазбавілі свабоды па палітычных матывах. А мы прывыклі ставіць знак роўнасці паміж выразамі «палітычны зняволены» і «вянец тварэння». Мы забыліся пра тое, што пры рэжыме, які саджае не толькі сваіх апанентаў, але і ўсіх запар, палітзэкам можа стаць кожны. І патрыёт Беларусі, і аматар Пуціна. І змагар за свабоду, і выпадковы прахожы. І герой, і нягоднік. І наша агульная задача — дамагацца іх вызвалення, а не ляпіць з іх бронзавыя помнікі. А пасля вызвалення не патрабаваць ад іх адпаведнасці нашым уяўленням. Палітвязні — гэта людзі, якія нікому з нас нічога не павінны.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Апошнія навіны