Ці запусцяць у мінскім метро трамваі?
- 23.10.2026, 15:12
Новы пражэкт ад Лукашэнкі.
Падчас візіту ў холдынг «Белкамунмаш» 23 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прапанаваў высветліць, ці нельга пусціць у Мінскім метрапалітэне трамваі беларускай вытворчасці. Пра гэта паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Лукашэнку паказалі трохсекцыйны нізкападлогавы трамвай, які прадпрыемства вырабляе для расійскага Чэлябінска. Там будуюць метратрам: вагоны павінны ездзіць і па вуліцах, і па падземных тунэлях. Лукашэнка заявіў, што шматсекцыйныя трамваі «Белкамунмаша» можна пастаўляць у метро, а не «набываць у іншых пастаўшчыкоў гэтыя цягнікі». Іншымі словамі, гаворка пра спробы зэканоміць на падвіжным складзе для метро, замяніўшы яго прадукцыяй дзяржаўных прадпрыемстваў.
На вывучэнне пытання ён адвёў першую палову 2027 года. Гэтым будуць займацца профільны міністр, віцэ-прэм’ер, кіраўнікі прадпрыемстваў і старшыня так званага савета рэспублікі Наталля Качанава. Спецыялісты павінны прадставіць прапановы, у тым ліку аб змяненні нарматыўных патрабаванняў, то-бок, верагодна, аб змякчэнні патрабаванняў да падвіжнога складу метро. Лукашэнка паабяцаў прыняць «неабходныя рашэнні».
Пакуль гэта толькі даручэнне вывучыць тэхнічную магчымасць. Рашэння аб закупцы трамваяў для мінскага метро і тэрмінах іх запуску няма.
Пры гэтым прыклад, на які спасылаецца Лукашэнка, пакуль застаецца праектам: у Чэлябінску метратрам не запушчаны.