BE RU EN

На сайце расійскага міністэрства знайшлі шасціпалога Пуціна

  • 23.10.2026, 16:45

Таксама было скажона аблічча Кіма Чэн Ына.

На фатаграфіі, апублікаванай Міністэрствам асветы РФ па выніках візіту кіраўніка ведамства Сяргея Краўцова у Паўночную Карэю, у Уладзіміра Пуціна з'явіўся шосты палец на левай руцэ. Здымак, меркавана, апрацавалі з дапамогай штучнага інтэлекту, у выніку чаго таксама былі скажоны абліччы Пуціна і Кіма Чэн Ына, піша NK News.

Фатаграфію зрабілі падчас наведвання Краўцовым педагагічнага каледжа ў Пхеньяне. На ёй міністр падпісвае дакумент, а за ягонай спінай вісіць здымак Пуціна і Кіма Чэн Ына. Яны паціскаюць адзін аднаму рукі пасля заключэння дамовы аб стратэгічным партнёрстве ў чэрвені 2024 года. Журналісты параўналі выяву Міністэрства асветы з арыгіналам з паўночнакарэйскай газеты «Нодон сінмун». На расійскім здымку таксама аказаліся скажоныя гербы на дакументах і надпіс пад партрэтам, заўважыў сайт The Moscow Times.

Памылкі выяўліліся і на іншых фатаграфіях з паездкі Краўцова, прысвечанай выкладанню рускай мовы і супрацоўніцтву ў галіне ШІ. На здымку з адкрыцця цэнтра рускай мовы ў Пхеньяне тэкст на інфармацыйным стэндзе аказаўся бязглуздзіцай. На іншай фатаграфіі таго ж стэнда назва Пхеньяна была напісаная з памылкай, а ў карэйскім тэксце няправільна напісаныя словы «Расія» і «Федэрацыя». Пры гэтым выкарыстоўваўся паўднёвакарэйскі варыянт напісання назвы Расіі. На фотаздымках паўночнакарэйскіх СМІ надпісы былі без памылак.

Адну з фатаграфій з памылкамі расійскія ўлады выдалілі з Telegram, паведамляла NK News. Цяпер таксама не адкрываецца спасылка з шостым пальцам Пуціна і старонка Міністэрства асветы з навіной пра візіт Краўцова.

Даследчык Расіі з Універсітэта Тонсо Крыс Мандэй дапусціў, што чыноўнікі маглі выкарыстоўваць ШІ, каб схаваць абставіны сустрэч. «Магчыма, расіяне праз параною выкарыстоўваюць ШІ, каб «зачысціць» дэталі, якія могуць іх выдаць: гадзіннікі, тэлефоны, люстэркі і адлюстраванні ў акулярах», — сказаў ён. Паводле слоў Мандэя, прычынай апрацоўкі фатаграфій магло быць і жаданне чыноўнікаў выглядаць маладзей і больш стройнымі.

Скажэнне аблічча Кіма Чэн Ына можа выклікаць незадаволенасць паўночнакарэйскіх уладаў. У КНДР выявы кіруючай дынастыі маюць асаблівы статус. Партрэты былых кіраўнікоў Кім Ір Сена і Кім Чэн Іра абавязкова вывешваюць у дамах і будынках, а за іх выпадковае пашкоджанне грамадзянам можа пагражаць смяротнае пакаранне. Жыхароў заклікаюць ратаваць партрэты правадыроў нават падчас стыхійных бедстваў.

Апошнія навіны