Расіянін вывучыў беларускую за год і хоча прыехаць у «найпрыгажэйшую краіну ў свеце»
- 23.10.2026, 17:04
Да беларусаў ён звярнуўся на нашай роднай мове.
Расіянін распавёў у сацсетцы Threads, чаму палюбіў нашу краіну і хоча ў ёй жыць.
«Не ведаю чаму, але штодня, калі бачу фотаздымкі з Беларусі, якія беларусы выкладаюць тут, у Threads, мне вельмі хочацца паехаць у Беларусь і, напэўна, нават там жыць, — напісаў ён па-беларуску. — Беларусь — найпрыгажэйшая краіна ў свеце, на маю думку.
Я, праўда, расіянін і амаль нічога не ведаю, што такое быць беларусам. Я толькі мову вывучыў. Але калі б быў шанец, я б прыехаў у Беларусь. Паглядзеў бы на гэтую цудоўную краіну.
Прабачце, калі нарабіў памылак».
Памылак у паведамленні беларусы, як заўважыў сайт Charter97.org, не знайшлі і адразу спыталі, колькі часу спатрэбілася аўтару на вывучэнне мовы.
«Каб вывучыць — я б сказаў, год. Але каб свабодна размаўляць, думаю, 2–3 гады», — адказаў ён.