Украіна і Расія дамовіліся аб спыненні агню ў Алешках
- 23.10.2026, 17:13
Белы дом прыпісаў гэтую заслугу Меланіі Трамп.
Расія і Украіна дамовіліся часова спыніць баявыя дзеянні ў горадзе Алешкі, каб даставіць гуманітарную дапамогу, паведамляе Белы дом. У Вашынгтоне паведамілі, што рэжым спынення агню будзе дзейнічаць з 29 кастрычніка, пагадненне было дасягнута пры пасрэдніцтве Меланіі Трамп.
«Жыхары Алешак жывуць ва ўмовах абмежаванага электразабеспячэння, на замініраваных дарогах і рэгулярна падвяргаюцца ваенным атакам. Было цалкам відавочна, што без майго ўмяшання дастаўка гуманітарнай дапамогі ў горад і эвакуацыя пажылых людзей былі б немагчымыя», — заявіла яна.
У паведамленні Белага дома гаворыцца, што першая лэдзі і яе прадстаўнік «непасрэдна працавалі з расійскім і ўкраінскім кіраўніцтвам над вызначэннем умоў лакальнага спынення агню», а Меланія «ў сваёй афіцыйнай ролі эксклюзіўнай пасрэдніцы ініцыявала перамовы з абедзвюма краінамі».
Таксама паведамляецца, што да сітуацыі была прыцягнутая незалежная амерыканская медыяарганізацыя для суправаджэння і дакументавання дзеянняў расійскіх і ўкраінскіх груп на месцах на працягу ўсяго працэсу.
«Мы з маім прадстаўніком неадкладна задзейнічалі канал сувязі, які мы ўсталявалі з Расіяй і Украінай падчас папярэдніх шасці ўз’яднанняў 34 дзяцей. Абедзве краіны аператыўна накіравалі групы для каардынацыі складаных працэсаў, уключаючы размініраванне. З гэтага моманту ўсе бакі працуюць кругласутачна», — патлумачыла першая лэдзі.
Жыхары Алешак, як паведамляе «Настоящее время», сталі ахвярамі вострага гуманітарнага крызісу. Паведамлялася пра масавы голад. Горад знаходзіцца пад расійскай акупацыяй з 2022 года. Пра катастрафічную сітуацыю ў ім украінскія ўлады заяўляюць у апошнія месяцы. У Алешках няма святла, вады і газу, сюды не прыязджае хуткая дапамога, не працуюць крамы. Людзі выжываюць дзякуючы натуральнай гаспадарцы.
Украіна абвінавачвала Расію ў наўмыснай блакадзе Алешак. Амбудсмен Дзмітрый Лубінец раней заяўляў пра зрыў перамоваў з расійскім бокам аб арганізацыі гуманітарнага калідора. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, у сваю чаргу, усклаў адказнасць за гуманітарны крызіс у Алешках на ўкраінскія ўлады. Абодва бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў абстрэлах, якія не дазваляюць вырашыць гуманітарны крызіс у Алешках.