16-гадовая мінчанка за 12 гадзін працы атрымала два рублі
- 23.10.2026, 17:36
Працадаўца парушыў заканадаўства.
Мінчанка расказала ў сацсетцы Threads пра выпадак, які адбыўся з яе непаўналетняй сястрой.
«Як вы лічыце, нармальна атрымаць заробак два беларускія рублі? — піша яна. — Сястра адпрацавала 12-гадзінную начную змену ў 16 гадоў. Гэта поўны п…»
Яна таксама апублікавала перапіску сястры з працадаўцам, які растлумачыў, чаму ад абяцанага заробку ў 78 рублёў засталася такая маленькая сума. Паводле яго слоў, 52 рублі пайшлі на спецформу, а 24 рублі — гэта штраф за памылкі пры тым, што ў работніцы быў першы працоўны дзень.
Каментатары звярнулі ўвагу на відавочнае парушэнне заканадаўства і Працоўнага кодэкса Беларусі, заўважыў сайт Charter97.org.
«Працадаўца прыцягнуў 16-гадовага падлетка да забароненай начной змены з 21:00 да 9:00 (12 гадзін), незаконна ўтрымаў амаль увесь заробак за «аперацыйныя памылкі», а таксама спісаў грошы за выдадзеную для працы форму, якая не была пашкоджаная (што з’яўляецца незаконным утрыманнем, калі гэта не кампенсацыя даказанай шкоды), у выніку пакінуўшы 2 рублі — грубае парушэнне Працоўнага кодэкса Беларусі», — напісаў адзін з іх.