Лукашэнка раскрытыкаваў «расхлябанасць» працоўнага класа
- 23.10.2026, 18:15
Дыктатар запатрабаваў дысцыпліны ад працоўных і прыгразіў арміяй.
Дыктатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на прамысловых прадпрыемствах краіны неабходна забяспечыць выкананне дысцыпліны працоўнымі.
Узурпатар наведаў холдынг «Белкамунмаш», ён выслухаў даклад кіраўніцтва.
«Калі мне сказалі, што ў цябе на прадпрыемстве няма дысцыпліны, мне крыху стала блага. Што значыць — няма дысцыпліны ў наш час?» — здзівіўся ён.
Лукашэнка раскрытыкаваў «расхлябанасць» працоўнага класа і адзначыў, што кіраўнікі не спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Ён заклікаў называць канкрэтныя прозвішчы тых, хто дазваляе сабе парушаць субардынацыю або ігнараваць патрабаванні начальства. У якасці меры ўздзеяння дыктатар намякнуў на магчымасць выкарыстання арміі для «перавыхавання» парушальнікаў. Паводле яго слоў, звесткі пра недысцыплінаваных работнікаў могуць быць перададзеныя міністру абароны, пасля чаго тыя «стануць залатымі людзьмі».