Малады беларус параўнаў свае даходы і выдаткі
- 23.10.2026, 18:42
Жыхар Віцебска не разумее, як можна жыць на адну зарплату.
Жыхар Віцебска напісаў у сацыяльнай сетцы Threads пра сваю зарплату і пра тое, на што яе хапае.
«Мне 24, я з Віцебска, — піша ён. — Зарплата — 1500 рублёў на рукі. Зберажэнні — каля $10 000. Дапамогі ад бацькоў, спадчыны і партнёра няма. Падлічыў сваё жыццё. Толькі самае неабходнае:
Кватэра: 600–700, прадукты: 500, МТС: 30, транспарт: 50, гігіена, пранне, прыборка: 30, адзенне (у сярэднім за месяц): 45, адносіны: 0.
Разам прыкладна 1255 рублёў.
У разлік не ўвайшлі: лекі, стаматолаг, стрыжка, тэхніка, адпачынак, кафэ, кіно, адукацыя, падарункі, хобі, хатнія жывёлы, форс-мажоры. Ні капейкі.
Думкі: я не бачу перспектываў тут жыць. Адзіны план: скараціць выдаткі на жыллё і паралельна перанавучвацца на дыстанцыйную працу з высокім даходам. Скажыце шчыра, у чым я памыляюся, якія ў мяне сляпыя зоны, што б вы зрабілі на маім месцы? Асабліва чакаю водгукаў ад зумераў і тых, хто старэйшы».
Большасць каментатараў параіла з'язджаць з краіны.
«Дам толькі адну параду: валіць за мяжу, — напісаў адзін з іх. — Знаёмы хлопец прыкладна ў такім узросце пачаў ездзіць у Нідэрланды на гародніну/цюльпаны. Цяпер ён пастаянна працуе там у фермера і спакойна ўтрымлівае жонку і траіх дзяцей».