ISW раскрыў сапраўдныя тэрытарыяльныя амбіцыі Пуціна
- 24.10.2026, 9:59
Крэмль не гатовы да кампрамісаў.
Крэмль працягвае выстаўляць тэрытарыяльныя патрабаванні да Украіны, спасылаючыся на «агульную гісторыю». Масква не абмяжоўвае свае прэтэнзіі толькі Данбасам.
Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі адзначылі, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін працягвае заяўляць пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Украіны, якія выходзяць за межы Данбаса. Для абгрунтавання сваіх патрабаванняў ён спасылаецца на ўласную трактоўку гісторыі і сцвярджае, што ўкраінцы і расіяне нібыта з'яўляюцца «адным народам».
Так, 22 кастрычніка Пуцін заявіў, што акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі нібыта з'яўляюцца «тэрыторыяй гістарычнай Расіі». У той жа дзень ён адхіліў прапанову прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які прапанаваў замарозіць баявыя дзеянні па бягучай лініі фронту ў межах пагаднення аб спыненні агню.
Паводле ISW, пад паняццем «гістарычная Расія» Пуцін, верагодна, мае на ўвазе так званую «Наварасію». Гэта выдуманая і няясна акрэсленая канцэпцыя рэгіёна на поўдні і ўсходзе Украіны, які расійскія ўлады спрабуюць прадставіць як неад'емную частку РФ.
Да тэрыторый, якія Крэмль уключае ў гэтую канцэпцыю, адносяцца Крым, Луганская, Данецкая, Запарожская і Херсонская вобласці. Аднак гэтым спіс не абмяжоўваецца: у расійскіх уяўленнях пра «Наварасію» таксама фігуруюць Харкаўская, Дняпрапятроўская, Мікалаеўская і Адэская вобласці.
Такім чынам, заявы Масквы аб «гістарычных правах» тычацца значна больш шырокай тэрыторыі, чым тая, якую расійская армія спрабуе захапіць на Данбасе.
Чаго Расія патрабуе ад Украіны
Цяпер Крэмль настойвае на далучэнні да Расіі тэрыторый, якія застаюцца пад кантролем Украіны, у тым ліку ў трох абласцях.
Масква патрабуе, каб Украіна аддала:
20,5% Данецкай вобласці, якія знаходзяцца пад украінскім кантролем;
24,5% Запарожскай вобласці, уключаючы Запарожжа. Да поўнамаштабнага ўварвання ў горадзе пражывала больш за 700 тысяч чалавек;
30% Херсонскай вобласці, у тым ліку Херсон. Да вайны насельніцтва горада складала каля 300 тысяч чалавек.
Заявы Пуціна сведчаць, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі Расіі могуць выходзіць за рамкі гэтых патрабаванняў. Паводле ацэнкі ISW, яны не абмяжоўваюцца так званым «крепочным поясам» Украіны ў Данецкай вобласці і патэнцыйна могуць ахопліваць усю тэрыторыю краіны.
Чаму Крэмль не гатовы да кампрамісу
Пуцін працягвае настойваць на дасягненні ўсіх заяўленых ваенных мэтаў Расіі. Сярод іх — патрабаванні, якія фактычна прадугледжваюць поўную капітуляцыю Украіны.
У ISW лічаць, што такая пазіцыя сведчыць пра адсутнасць у Крамля гатоўнасці да кампраміснага мірнага ўрэгулявання. Паводле ацэнкі аналітыкаў, перамовы з Кіевам Масква разглядае найперш як спосаб дамагчыся прыняцця Украінай расійскіх умоў, а не як магчымасць знайсці ўзаемапрымальнае рашэнне.
Адмова Пуціна падтрымаць прапанову аб спыненні агню па цяперашняй лініі фронту таксама дэманструе, што Расія не гатовая проста зафіксаваць бягучую сітуацыю на полі бою. Заявы пра «гістарычную Расію» даюць падставы меркаваць, што тэрытарыяльныя мэты Крамля могуць быць значна больш маштабныя за тыя, якія Масква агучвае ў рамках патрабаванняў па асобных абласцях.