Палітолаг: выхад Беларусі з «Саюзнай дзяржавы» магчымы трыма шляхамі
- 24.10.2026, 10:49
Гэтае пытанне актуальнае ўжо сёння.
Палітолаг і гісторык Роза Турарбекава на сайце «Банка ідэй» аналізуе спосабы выхаду Беларусі з «Саюзнай дзяржавы» і тлумачыць, чаму гэта важна абмяркоўваць ужо сёння.
Як Беларусі выйсці з «Саюзнай дзяржавы»?
У сучаснай міжнароднай палітыцы шмат увагі надаецца праблеме эрозіі суверэнітэту Беларусі і росту залежнасці ад Расіі. У экстрапаляцыі на будучыню гэта нараджае негатыўныя сцэнары, адзін змрочнейшы за другі.
Аднак захаванне гэтых тэндэнцый у будучыні не з’яўляецца канчаткова напярэдвызначаным. Каб зламаць гэтыя тэндэнцыі, варта паставіць пытанне люстранна: як спыніць дадзены працэс і запусціць адваротны — працэс аднаўлення суверэнітэту і ўмацавання незалежнасці? Адной з абавязковых складнікаў гэтага шырокага пытання з’яўляецца пытанне: як Беларусі выйсці з «Саюзнай дзяржавы»?
Без выхаду з яе сур’ёзна весці гаворку пра аднаўленне суверэнітэту наўрад ці магчыма.
Чаму такое пытанне важна абмяркоўваць сёння?
Ідзе гаворка пра своеасаблівае мадэляванне сітуацыі з мэтай убачыць пазітыўную перспектыву для Беларусі. Каб будаваць пазітыўную будучыню, трэба найперш яе ўявіць. Канструяванне будучыні з’яўляецца адной з магчымасцяў уплываць на яе.
Уявім, што палітычная сітуацыя ў Беларусі змяняецца пазітыўна і да ўлады прыходзіць дэмакратычны праеўрапейскі ўрад. Колькі скептыкаў, крытыкаў, апанентаў у гэты момант паставяць галоўнае пытанне: як змяняць адносіны з Расіяй? Залежнасць крытычная: ад гандлю і вытворчасці да межаў і бяспекі. Суверэнітэт занадта крохкі.
У гэты момант урад і грамадства могуць звярнуцца да досведу такога роду мадэлявання.
Дэнасацыя базавага дагавора праз рэферэндум
Юрыдычнай асновай «Саюзнай дзяржавы» з’яўляецца Дагавор аб яе стварэнні 1999 года. Найбольш простым шляхам можа падавацца дэнасацыя гэтага Дагавора ў адпаведнасці з прадугледжанай у ім працэдурай. Выхад са складу «Саюзнай дзяржавы» прадугледжаны арт. 67 Дагавора. Для гэтага неабходна будзе правесці рэферэндум.
Тут узнікае важная праблема — як і на аснове якой Канстытуцыі праводзіць рэферэндум? Калі абапірацца на дзеючую Канстытуцыю 2022 года, то згодна з арт. 74 рэферэндум можа прапанаваць толькі прэзідэнт. Ён, у сваю чаргу, можа разгледзець прапанову з боку «палаты прадстаўнікоў» або 450 тысяч выбаршчыкаў і ўхваліць яе.
Такім чынам, узнікае важная развілка — каб запусціць працэдуру выхаду з «Саюзнай дзяржавы», трэба вырашыць канстытуцыйную нявызначанасць.
Ці варта рухацца па працэдурах Канстытуцыі-2022, ці ў яе павінны быць унесены папраўкі ў арт. 74, ці Канстытуцыя 2022 года павінна быць прызнана несапраўднай у сілу тых палітычных абставінаў, пры якіх яна прымалася (масавыя рэпрэсіі і задушаная рэвалюцыя 2020 года), пасля чаго павінна быць прынята новая Канстытуцыя або вернута адна з раней дзеючых рэдакцый.
Уявім, што нейкім чынам рэферэндум ініцыяваны і рыхтуецца галасаванне. Агітацыя за выхад з «Саюзнай дзяржавы» можа запатрабаваць сур’ёзнай палітычнай працы ва ўмовах далёка не ідэальных. Ці ёсць іншы выхад?
Аўдыт і дэнасацыя асобных дагавораў
Магчыма, такі выхад ёсць. Ідзе гаворка пра правядзенне аўдыту (ці, дакладней, скрынінгу), які дазволіць вызначыць найбольш уразлівыя пункты і скіраваць асноўныя намаганні на іх. Дагаворна-прававую базу сучаснай «Саюзнай дзяржавы» можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: першая — дагаворы, што з’яўляюцца часткай міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь; другая — міжурадавыя пагадненні і пастановы Вышэйшага Дзяржаўнага Савета, якія не маюць заканадаўчай сілы.
Напрыклад, усе праграмы ў межах «Асноўных напрамкаў па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», якія былі прыняты на 2021–2023, 2024–2026 гг., не былі аформлены як заканадаўчыі ініцыятывы, не маюць характару абавязацельства перад Расіяй.
Унутры гэтых праграм ёсць розныя пагадненні, пастановы і дагаворы, якія ўжо падпісаныя і дзейнічаюць. Ад часткі з іх Беларусь можа адмовіцца ў аднабаковым парадку.
Але ёсць і іншая частка, якая запатрабуе больш дбайнага падыходу. Міждзяржаўныя дагаворы, якія прайшлі працэдуру ратыфікацыі і маюць уласны механізм выхаду, павінны быць выведзены на працэдуру дэнасацыі. І тут важна разумець, пра якія дагаворы ідзе гаворка, якія тэрміны і ўмовы ў іх закладзены.
Найбольш адчувальнымі для Беларусі такога кшталту дагаворамі, што размываюць суверэнітэт і патрабуюць працэдуры дэнасацыі, з’яўляюцца:
1. Дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках «Саюзнай дзяржавы» ад 13.03.2025.
Гэты дагавор з’яўляецца самым складаным і надзвычай небяспечным. Ён рызыкоўны ўмяшаннем з боку Расіі ў унутрыпалітычныя працэсы, а таксама магчымым выкарыстаннем беларускай тэрыторыі для ваеннай агрэсіі супраць краін — членаў НАТА. Дакумент не прывязаны да Дагавора аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы», а гэта азначае, што нават рэферэндумам яго не скасаваць.
Выхад з гэтага дагавора магчымы праз 10 гадоў або наступае яго аўтаматычнае падаўжэнне. Аб дэнасацыі неабходна паведаміць за 6 месяцаў. Такім чынам, легальная магчымасць адмовіцца ад абавязацельстваў з’явіцца ў 2035 годзе.
2. Дагавор РФ і РБ аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках ад 3.10.2022.
Гэты дагавор — адзін з самых небяспечных для суверэнітэту, бо рэгулюе беларускія акцызы і ПДВ у адпаведнасці з расійскімі. Больш за тое, створана інтэграваная сістэма іх адсочвання. Адным з неад’емных суверэнных правоў народа з’яўляецца ўстанаўленне ўласных падаткаў. Умяшанне і рэгуляванне ў такой сферы — прыкмета эрозіі суверэнітэту. Для прыкладу, краіны ЕС дагэтуль на гэта не пайшлі.
Дэнасацыя гэтага дагавора магчымая па сканчэнні 3 гадоў пасля ўступлення ў сілу, і для яго скасавання неабходна паведаміць за 6 месяцаў да сканчэння трохгадовага тэрміну, інакш будзе аўтаматычнае падаўжэнне. Калі дагавор уступіў у сілу ў 2023 годзе, то ўжо з 2026 года працэдура магчымая з улікам трохгадовага перыяду.
3. Дагавор аб фарміраванні аб’яднанага рынку электрычнай энергіі.
Ён небяспечны ва ўмовах фактычнай адсутнасці рынку электраэнергіі ў Беларусі. У Беларусі няма множнасці пастаўшчыкоў электраэнергіі. Затое яны ёсць у Расіі. Дапуск іх на рынак у Беларусі азначае прывязку краіны да расійскай арбіты ў крытычна важнай сферы.
Выхад з дагавора магчымы пры паведамленні за 6 месяцаў. Аднак спыненне дзеяння дагавора не закранае выканання абавязацельстваў, прадугледжаных дагаворамі, заключанымі суб’ектамі аб’яднанага рынку. У выніку галоўнае — не столькі дэнасацыя дагавора, колькі скасаванне падпісаных кантрактаў канкрэтных суб’ектаў.
4. Дагавор аб гарманізацыі мытнага заканадаўства і супрацоўніцтве ў мытнай сферы ад 4 сакавіка 2022 года.
Дагавор заключаны на 5 гадоў з аўтаматычным падаўжэннем. Каб выйсці з яго, трэба паведаміць за 6 месяцаў расійскі бок. У выніку мы можам зафіксаваць магчымасць скасавання ў 2027 годзе і надалей кожныя пяць гадоў.
Прыведзены спіс не з’яўляецца вычарпальным. Пры адпаведным сцэнары важна правесці аўдыт дагаворна-прававой базы беларуска-расійскіх дачыненняў у межах «Саюзнай дзяржавы». Акрамя таго, для ўрада таксама будзе важна правесці падрыхтоўчую працу, каб галіна, якую закранае той ці іншы дагавор, што падлягае дэнасацыі, не пацярпела (энергетыка, падаткі, мытныя зборы, фінансы).
Кітайская тактыка або ціхі сабатаж
Магчыма, варта прыгледзецца да трэцяга варыянту. Напрыклад, у Казахстане з 2020 года мэтанакіравана тармозіцца развіццё праекта ЕАЭС. Такаеў не падтрымаў Стратэгію развіцця ЕАЭС, у якой прадугледжвалася інстытуцыйнае ўзмацненне наднацыянальных органаў.
Такія паводзіны можна апісаць як «кітайскую тактыку»: без рэзкіх ваганняў, каб не парушыць баланс, але і не ўцягвацца глыбей. У выпадку беларускага ўдзелу ў «Саюзнай дзяржаве» яе можна прымяніць як спыненне інстытуцыйнай канвергенцыі і вычакванне спрыяльных умоў для выхаду. Сабатаж міжурадавых пагадненняў і паступовая падрыхтоўка да дэнасацыі. Прычым такая тактыка для беларускага істэблішменту не навіна: да 2020 г. яе выкарыстоўвалі на практыцы.
Іншая рэч, што ў гэтым выпадку сітуацыя хутчэй замарожваецца, чым вырашаецца: чаканне спрыяльных умоў для выхаду можа зацягнуцца або, наадварот, могуць наступіць неспрыяльныя ўмовы.
Высновы:
Выхад з «Саюзнай дзяржавы» магчымы трыма шляхамі: рэферэндум аб скасаванні Дагавора аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы»; дэнасацыя міждзяржаўных дагавораў і адмову ад падпісаных пагадненняў; «кітайская тактыка».
1. Першы шлях — радыкальны палітычны.
Ён магчымы пры рэзкай змене палітычнага рэжыму і геапалітычнай арыентацыі і прадугледжвае:
Ініцыяванне і правядзенне рэферэндуму аб скасаванні Дагавора аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы».
Датэрміновы выхад з Дагавора аб гарантыях бяспекі або выхад па сканчэнні 10-гадовага тэрміну ў 2035 годзе.
2. Другі шлях — паэтапная дэнасацыя асобных, найбольш адчувальных дагавораў.
Ён магчымы пры бюракратычным транзіце на карысць нацыянальна арыентаваных лідараў і прадугледжвае:
Адмову ад выканання найбольш небяспечных міжурадавых пагадненняў.
Падрыхтоўку працэдуры дэнасацыі міждзяржаўных дагавораў па сканчэнні іх тэрміну: ад 3 да 5 гадоў, а таксама па сканчэнні тэрміну кантрактаў на электрычную энергію.
Скасаванне Дагавора аб гарантыях бяспекі па сканчэнні 10 гадоў.
3. Трэці шлях — «кітайская тактыка».
Ён можа разглядацца як шлях «мяккага і паступовага разводу» з Расіяй з вычакваннем спрыяльнай міжнароднай сітуацыі для дэнасацыі дагавораў і правядзення рэферэндуму. Ён прадугледжвае:
Адмову ад далейшага развіцця праекта «Саюзнай дзяржавы».
Адыход ад выканання рашэнняў на міжурадавым узроўні.
Выбудоўванне новай сістэмы адносін з суседзямі і Еўропай.