BE RU EN

«Было толькі 20 вакансій на ўвесь Мінск»

  • 24.10.2026, 10:59

У Беларусі ў разы вырасла канкурэнцыя за працу ў ІТ.

У Гродзенскай вобласці на адно месца ў ІТ прэтэндуюць больш за 100 чалавек, за год конкурс вырас утрая. Чаму спецыялістам не хапае працы і з чым звязаны недахоп вакансій? Разбіраецца «Радыё Свабода».

У Беларусі ўсё цяжэй знайсці працу ў ІТ. Паводле статыстыкі сэрвісу вакансій і рэзюмэ rabota.by, цяпер у краіне на адно месца ў ІТ-сферы прэтэндуюць больш за 30 чалавек. У некаторых абласцях сітуацыя яшчэ складаней. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці за адно месца змагаюцца 106 чалавек, за год конкурс вырас утрая. У Віцебскай вобласці на адну пасаду ў ІТ прэтэндуюць 58 спецыялістаў (год таму гэты паказчык складаў 27), у Магілёўскай — 81,5 (летась было 36), у Гомельскай — 89 (летась было 35), у Брэсцкай — 68 (летась было 39).

Лепшая сітуацыя ў Мінску: 24 чалавекі на месца, а ў мінулым годзе было 17. Гэта статыстыка аднаго папулярнага сэрвісу, які параўнаў колькасць вакансій і рэзюмэ.

Міхаіл (імя зменена з меркаванняў бяспекі. — РС) паўтара месяца шукаў працу ў ІТ у Беларусі, маючы больш за 5 гадоў вопыту. Па яго спецыяльнасці было толькі каля двух дзесяткаў вакансій на ўвесь Мінск. Суразмоўца лічыць, што яму пашанцавала, бо іншыя калегі шукалі працу значна даўжэй: у адным выпадку гэта заняло год, у другім — паўгода.

«Найцяжэй тэставальнікам, дызайнерам, бо кампаніі ўкараняюць штучны інтэлект. Па маёй спецыяльнасці актуальных вакансій было каля 20, і палавіна з іх вісіць год-два, то-бок шукаюць ідэальнага кандыдата, і ім нармальна трымаць гэтую вакансію колькі заўгодна. Знаёмая, маючы 5 гадоў вопыту, ужо год шукае працу. Ёсць некаторыя вакансіі з ІТ-спецыфікай ад дзяржаўных кампаній. Калі я глядзеў вакансіі, дакладна шукалі такіх спецыялістаў у «Гаррэмаўтадоры» з заробкам ад 6000 рублёў. І такіх дзяржаўных кампаній шмат. Таксама ІТ-спецыялістаў шукаюць банкі», — распавёў суразмоўца.

У агульнарэспубліканскай базе вакансій і рэзюмэ цяпер толькі 319 прапаноў працы для распрацоўнікаў. Напрыклад, інжынеру-праграмісту на БелАЗе абяцаюць 1200 рублёў.

У сетку крам «Доброном» шукаюць распрацоўніка 1С. Тут заробак вышэй — 6000 рублёў.

Распрацоўніку ў кампаніі, якая займаецца суправаджэннем бізнесу ў галіне электроннай камерцыі, абяцаюць да 12 000 рублёў.

У чым прычына дэфіцыту вакансій

«Радыё Свабода» пагаварыла на ўмовах ананімнасці з некалькімі людзьмі з беларускай ІТ-сферы, якія працуюць на кіраўнічых пасадах. Паводле іх назіранняў, дэфіцыт вакансій сапраўды ёсць, і гэта звязана з некалькімі фактарамі. Перш за ўсё з тым, што «з Беларусі сышлі многія буйныя гульцы рынку», якія «не хочуць працаваць з беларусамі ўнутры краіны з-за санкцый». Таксама новыя ўмовы стварае выкарыстанне штучнага інтэлекту.

«Калі раней у камандзе трэба было 40–50 чалавек для нейкага праекта, то цяпер дастаткова 10, а астатнія без працы. Шмат ІТ-спецыялістаў з’ехалі з Беларусі пасля 2020 года. Аднак за гэты час з’явілася шмат новых, і ім трэба дзесьці працаваць», — распавёў адзін з суразмоўцаў.

Ён удакладніў, што найперш названыя праблемы закранулі аўтсорсінгавыя кампаніі, якія працуюць над праектамі на замову. Такіх у Беларусі традыцыйна было большасць. Прадуктовыя кампаніі, якія ствараюць уласнае праграмнае забеспячэнне, менш адчулі гэтыя праблемы.

Таксама, паводле суразмоўцаў, для супрацоўнікаў стала менш бонусаў, якія існавалі раней: радзей павышаюць заробак, менш шанцаў утрымацца ў кампаніі ў паўзах паміж пошукамі праектаў.

Вымушаная пераарыентацыя

Старшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра Beroc Анастасія Лузгіна звяртае ўвагу і на тое, што беларускім кампаніям давялося пераарыентавацца на рынкі СНД і азіяцкіх краін, дзе ёсць уласная канкурэнцыя. Таксама існуе канкурэнцыя сярод спецыялістаў у Беларусі, бо працу тут шукаюць не толькі беларусы.

«Работадаўцы менш зацікаўленыя ў пачаткоўцах. Увогуле кампаніі імкнуцца аптымізаваць свае працэсы, наймаць менш супрацоўнікаў, але пры гэтым не зніжаць аб’ёмаў працы і працягваць дзейнасць з прыцягненнем і выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту. Гэта назіраецца ва ўсім свеце. Для Беларусі ў значнай ступені абмежаваныя магчымасці працаваць на высокамаржынальных рынках Еўропы і ЗША. Таму гэтыя ж кампаніі вымушаныя былі пераарыентавацца на рынкі краін СНД і азіяцкіх рэгіёнаў. Па-першае, сама пераарыентацыя, пошук новых кліентаў і партнёраў патрабуюць дадатковых выдаткаў. Другі момант — на гэтых рынках таксама ёсць свае ІТ-структуры і ІТ-кампаніі, якія, безумоўна, ствараюць канкурэнцыю беларускім кампаніям», — адзначае суразмоўніца.

Некалькі гадоў запар Беларусь апускаецца ў сусветным рэйтынгу інавацыйнага развіцця (Global Innovation Index 2026). Зараз яна займае ў ім 88-е месца з 139 магчымых і знаходзіцца паміж Ямайкай і Дамініканскай Рэспублікай. А ў 2020 годзе ў гэтым жа рэйтынгу Беларусь знаходзілася на 64-й пазіцыі.

Рэйтынг складае Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (WIPO), спецыялізаваная ўстанова ААН. Складальнікі рэйтынгу ўлічваюць, наколькі добра краіны ствараюць умовы для інавацый і ператвараюць навуковыя, тэхналагічныя і творчыя распрацоўкі ў рэальныя вынікі.

Апошнія навіны