BE RU EN

Беларуску звольнілі пасля 30 гадоў бездакорнай працы

  • 24.10.2026, 13:29

Адна дэталь дапамагла ёй атрымаць каля 8000 рублёў.

Жыхарка Гродна амаль 30 гадоў прапрацавала на адным прадпрыемстве, але наймальнік вырашыў не падаўжаць з ёй кантракт. Ужо на наступны дзень пасля звальнення яе пасаду выключылі са штатнага раскладу. Жанчына звярнулася ў прафсаюз і ў выніку атрымала каля 8 тысяч рублёў кампенсацыі, расказалі у Гродзенскім абласным аб’яднанні прафсаюзаў.

Аксана Белава (імя і прозвішча зменены) аддала прадпрыемству каля 30 гадоў. За гэты час у яе не было дысцыплінарных спагнанняў. Больш за тое, работніцу неаднаразова ўзнагароджвалі на раённым і абласным узроўнях, а таксама адзначылі нагрудным знакам «За асабісты ўклад у развіццё галіны».

Жанчына не збіралася змяняць працу, таму навіна пра тое, што з ёй не працягнуць кантракт, стала для яе нечаканасцю. Палічыўшы звальненне незаконным, яна звярнулася па дапамогу ў прафсаюз.

Як патлумачыла прававая інспектарка працы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Вольга Юрашэвіч, добрасумленны работнік можа разлічваць на падаўжэнне кантракта ў адпаведнасці з артыкулам 261−3 Працоўнага кодэкса. На яе думку, у жанчыны былі ўсе падставы для працягу працоўных адносін.

Каб разабрацца ў сітуацыі, юрыстка прыехала на прадпрыемства. Там высветлілася важная дэталь: ужо на наступны дзень пасля звальнення жанчыны яе пасаду выключылі са штатнага раскладу. То бок гаворка магла ісці не проста пра непадаўжэнне кантракта, а пра скарачэнне штату. Пры такім звальненні работніку належыць выходная дапамога ў памеры не менш як трох сярэднямесячных заробкаў.

Наймальнік патлумачыў сваё рашэнне эканамічнымі прычынамі. Аднак, паводле слоў Вольгі Юрашэвіч, гэта не вызваляе яго ад прадугледжаных законам выплат. Акрамя выходнай дапамогі, жанчыне належала кампенсацыя за час вымушанага прагула, бо прафсаюз палічыў звальненне неправамерным.

Да разгляду ў судзе справа не дайшла. Наймальнік пагадзіўся ўрэгуляваць спрэчку і выплаціў жанчыне каля 8 тысяч рублёў.

Апошнія навіны