Эксперт: Масква не дазволіць Лукашэнку стаць Такаевым
- 24.10.2026, 15:21
«Чырвоныя лініі» для дыктатара дакладна праведзены.
Калійная здзелка Трампа з Лукашэнкам – супрацьвага расійскаму ўплыву ці частка здзелкі Вашынгтона з Масквой? Дзе пралягаюць межы самастойнасці Лукашэнкі ва адносінах з ЗША? Ці гатовы ў Крэмлі пагадзіцца на ператварэнне Лукашэнкі ў Такаева? На гэтыя пытанні «Белсат» адказаў эксперт Берлінскага цэнтра Карнегі Максім Саморукаў.
– Абвешчана, што ў ЗША адплыў першы расійскі танкер з дызелем. А тыдзень таму, 14 кастрычніка, у Луізіяну прыбыў першы танкер з беларускімі калійнымі ўгнаеннямі. Таксама, дарэчы, з расійскага порта. Некаторыя амерыканскія СМІ паведамлялі, што калійная здзелка ЗША з Мінскам – не проста ўзгодненая з Масквой, а што яна – частка здзелкі з Масквой. Паводле задумы, калійная здзелка павінна знізіць залежнасць Аляксандра Лукашэнкі ад Расіі, асабліва калі атрымаецца адкрыць транзіт праз Літву, Латвію ці Польшчу. Няўжо гэта ў інтарэсах Масквы?
– Тое, што гэтая здзелка ўзгодненая з Расіяй, – відавочна. Гэта партыя ўгнаенняў была дастаўленая праз расійскую тэрыторыю, у Расіі было мноства магчымасцяў спыніць рэалізацыю гэтага праекта, калі б яна мела на тое жаданне.
Цяжка ўявіць сітуацыю, калі пацяпленне адносін паміж Беларуссю і ЗША адбываецца ва ўмовах канфрантацыі Расіі і ЗША.
Цяпер амерыканскае кіраўніцтва зацікаўлена ў такіх паказных сімвалічных жэстах, каб уразіць то амерыканскіх выбаршчыкаў, то Нобелеўскі камітэт, каб гэта можна было падаць як перамогу. Але расійская канфрантацыя з Захадам – доўгатэрміновая. Я не магу сабе ўявіць, што Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін дамовіліся пра дызельную здзелку, і гэта кардынальна змяніць усе супярэчнасці, назапашаныя за апошнія дзесяцігоддзі, і Расія раптам пачне сябраваць з ЗША. І пры гэтым дазволіць і Беларусі заадно далучыцца да гэтай дружбы з ЗША.
– А можа разлік на тое, што Расіі будзе не да Беларусі? Што яна прамаргае збліжэнне Беларусі з ЗША, і Вашынгтону ўдасца аддаліць Мінск ад Масквы? ЗША вядуць падобную палітыку ў дачыненні да краін Цэнтральнай Азіі. Там таксама хапае саюзнікаў Расіі. Але мэта – павялічыць дыстанцыю паміж імі і Масквой. Ці магчыма павялічыць гэтую дыстанцыю для Беларусі да ўзроўню, скажам, Казахстана, фігуральна кажучы, ці можна ператварыць Лукашэнку ў Такаева (Касым-Жамарт Такаеў, – прэзідэнт Казахстана. – Рэд.)?
– Баюся, што больш высокая адчувальнасць у дачыненні да Беларусі звязаная не столькі з асабістымі якасцямі Лукашэнкі і Такаева, колькі з геаграфічным становішчам гэтых краін. Чыста геаграфічна магутная заходняя прысутнасць у Цэнтральнай Азіі куды менш верагодная, чым у выпадку Беларусі. Таму і адчувальнасць Крэмля зусім іншая.
Зразумела, што цяпер, пакуль у Крэмля мільён іншых клопатаў, – гэта адцягвае рэсурсы і ўвагу, асабліва ўвагу галоўнага прымальніка рашэнняў. І ў гэты момант можна дазволіць многае. Тым больш што гэта многае цалкам упісваецца ў той самы цыкл, які ідзе ў расійска-амерыканскіх адносінах.
Але ці здольныя новыя беларуска-амерыканскія адносіны вытрымаць разварот трэнду ў расійска-амерыканскіх адносінах, іх рэзкае пахаладаненне? Наўрад ці. Расіі гэтыя адносіны Мінска і Вашынгтона лёгка спыніць. Проста так, проста каб не «балаваліся», каб не ствараць лішніх рызык.
Адчувальнасць Расіі на беларускім напрамку значна вышэйшая, чым на казахстанскім. У Казахстана па другі бок мяжы знаходзіцца толькі Кітай, з якім заўсёды можна дамовіцца. У выпадку Беларусі па другі бок мяжы – Захад.
Канфлікт з Захадам застаецца асновай геапалітычнага курсу Расіі і асабліва асновай светаўспрымання Уладзіміра Пуціна. Ён жа ні пра што іншае і не кажа, ні на што іншае не пераключаецца.
У гэтай сітуацыі даць пэўную самастойнасць Беларусі можна толькі па недаглядзе, на час, пакуль увага адцягнутая на іншыя праблемы.
І як толькі гэта, з пункту гледжання Крэмля, зайдзе занадта далёка, гэта будзе вельмі лёгка спыніць. Дзе менавіта пройдзе мяжа ў ўяўленнях Крэмля – вельмі індывідуальная псіхалагічная рэч.
Усе «чырвоныя лініі» ў расійскай знешняй палітыцы ў апошнія гады праходзяць у галаве аднаго чалавека, і таму прадказаць іх дакладнае размяшчэнне немагчыма.
Але ў цэлым я не магу сабе ўявіць, каб вектар у беларуска-амерыканскіх адносінах мог прынцыпова адрознівацца ад вектара ў расійска-амерыканскіх. Яны ўсё роўна павінны быць у высокай ступені аднакірункавыя.
І мы ж не ведаем, што будзе пасля прамежкавых выбараў у лістападзе, а тым больш – пасля наступных прэзідэнцкіх выбараў 2028 года. І калі ўсё развернецца і зноў ЗША апынуцца галоўным ворагам, і Расія будзе ім супрацьстаяць, што вельмі верагодна, то жаданне дазваляць Мінску дзейнічаць супрацьлеглым чынам адразу выпарыцца.