Што пачым на мінскай Камароўцы пад канец кастрычніка
- 24.10.2026, 18:10
Цэны на гародніну растуць.
З набліжэннем лістапада выбар на рынках сталіцы паступова змяншаецца. Але ўсё яшчэ можна знайсці нават беларускія летнія ягады.
Журналісты Tochka.by заехалі на мінскую Камароўку перад выхаднымі.
Еш моркву, цыбулю і хрэн
Агародніны на рынку яшчэ хапае, аднак цэны на яе патроху растуць.
Напрыклад, у сярэднім агуркі каштуюць ад 3 рублёў за кілаграм. Але месцамі цэны на «адборны, самы лепшы, фермерскі «родничок» ужо ўзляцелі да 25.
Аднак можна знайсці танныя памідоры на закруткі – ад 1,5 рубля за 1 кг. Але іх усё менш: сярэдняя цана на прыстойныя таматы – ад 5.
Баклажаны каштуюць 4–8 рублёў за 1 кг. Трошкі падаражаў перац, за яго просяць 3–12.
З добрых навін: бульба пакуль трымае цэны на ранейшым узроўні: 0,79–4 за кілаграм. Капуста прадаецца па 0,8–3. На цыбулю цана стартуе ад 2,5. Морква каштуе 1–5, буракі – 2,5–4,5.
Часнок абыдзецца ад 10 да 20 за 1 кг.
Зеляніна даражэе: калі пералічыць на кілаграмы, то самыя простыя варыянты абыдуцца па 15–20.
У продажы яшчэ ёсць цукровая кукуруза па 2,5–4,9 за 1 кг.
Грыбоў няшмат, і цэны на іх трымаюцца. Баравікі каштуюць 80–100 рублёў за кілаграм, апенькі – 20, лісычкі – 13,9–17, шампіньёны – 8–12.
Аранжавы хіт сезона – гарбуз – абыдзецца ў 3–6 рублёў за 1 кг.
Хурмы ўсё больш
Усё яшчэ выгадна купляць вінаград – ад 3,9 за кілаграм. Ёсць танныя бананы па 2,9–5 рублёў.
З добрых прапаноў – яблыкі. Яны каштуюць 1–4 за 1 кг. Танных груш мала: найлепшая цана – 4,9, але яны выглядаюць крыху «падгулялымі». Сярэдняя ж цана – 7–8 за кілаграм.
Апельсіны каштуюць 3,8–15, лімоны – 5,5–14,9.
Кавуны даражэюць – ужо 2,9 за кілаграм. Дыні таксама растуць у цане – цяпер па 5,9–7,5.
Хурмы ўсё больш. Найпрасцейшая каштуе ўсяго 4 за 1 кг, ёсць і для гурманаў – па 15 рублёў.
Імпартныя чарніцы абыдуцца ў 39–100 за 1 кг. Яшчэ можна знайсці беларускую клубніцу. Найтаннейшая – па 16,9 рублёў, адборная – па 45.
Калі коратка
На рынку паступова ўсё менш сакавітых фруктаў, і яны даражэюць. З добрых прапаноў – яблыкі, хурма, вінаград і бананы.
А вось кавуны і дыні ў краме танней.
Таксама ўсё больш прывозяць імпартных ягад – беларускія паступова адыходзяць.
Сканчваюцца і фермерскія агуркі. Усё менш таматаў, баклажанаў і перцаў на закруткі.
А вось бульба, капуста, морква прадаюцца па прыемных цэнах, асабліва калі пашукаць.
Дарэчы, нягледзячы на падаражанне, зеляніна на рынку ўсё адно ў разы таннейшая, чым у сеткавых крамах.