Частка салігорцаў ужо два тыдні жыве без гарачай вады
- 24.10.2026, 20:11
Вада знікла з-за аварыі.
У Салігорску частка дамоў на вуліцах Будаўнікоў і Чыгуначнай з сярэдзіны кастрычніка засталася без гарачай вады. Пра гэта паведамілі жыхары ў Threads, піша «Мінская праўда».
Паводле паведамлення аднаго з карыстальнікаў, у доме №47 на вул. Будаўнікоў гарачай вады няма з 13 кастрычніка.
Тэрміны аднаўлення гарачага водазабеспячэння пастаянна пераносяць.
«11-ы дзень няма гарачай вады, што за здзек? Званкі на 115 — пастаянны перанос: то на пятніцу, то на аўторак, то зноў на пятніцу, вы здзекаецеся? Улетку адключылі на месяц, цяпер другі тыдзень без гарачай вады», — напісала адна з жыхарак.
Паводле апошняй інфармацыі, вядомай на момант публікацыі, тэрмін уключэння — 26 кастрычніка.
Без гарачай вады засталіся жыхары па сямі адрасах:
вул. Будаўнікоў, 37
вул. Будаўнікоў, 41
вул. Будаўнікоў, 43
вул. Будаўнікоў, 45
вул. Будаўнікоў, 49
вул. Будаўнікоў, 51
вул. Чыгуначная, 34.
Гарачая вада знікла з-за аварыі на ўчастку скрыжавання вуліц Будаўнікоў і Чыгуначнай, якая адбылася 13 кастрычніка. Прычынай назвалі цечу на транзітным трубаправодзе.
У ДП «Служба заказчыка жыллёва-камунальных паслуг Салігорскага раёна» патлумачылі тое, што адбылося, высокай ступенню зносу трубаправода, які доўгі час эксплуатуецца.