У Францыі на пратэсты выйшла да 800 тысяч чалавек
- 25.10.2026, 9:34
Паліцыя ўжыла слёзацечны газ і вадамёт.
У суботу, 24 кастрычніка, у Францыі прайшлі чарговыя масавыя пратэсты. Улады, баючыся пагромаў, дазволілі праводзіць толькі акцыі, арганізаваныя прафсаюзамі, а ў многіх гарадах абмежавалі або забаранілі сходы. Пра гэта паведамляе RFI.
Колькі людзей выйшла на вуліцы, улады і арганізатары ацэньваюць па-рознаму. Паводле даных МУС Францыі, у пратэстах па ўсёй краіне ўдзельнічалі 410 тысяч чалавек, з іх 110 тысяч — у Парыжы. Прафсаюз «Всеагульная канфедэрацыя працы» (CGT) налічыў 800 тысяч удзельнікаў, у тым ліку 250 тысяч у сталіцы.
Пратэстоўцы выступаюць супраць росту цэн і пагаршэння якасці дзяржаўных паслуг. У апошнія дні да гэтых патрабаванняў дадалася незадаволенасць забаронамі на сходы. Іх, а ў некаторых гарадах і каменданцкую гадзіну, увялі пасля пагромаў, што адбыліся ў мінулую суботу, 17 кастрычніка.
Для забеспячэння парадку ўлады задзейнічалі больш за 70 тысяч паліцэйскіх і жандараў. Гэта амаль на 20% больш, чым тыднем раней. Урад патлумачыў такія меры шматлікімі заклікамі «ультралевагаў» да супрацьпраўных дзеянняў.
Міністр унутраных спраў Ларан Нуньес паведаміў, што да сярэдзіны дня па ўсёй краіне затрымалі 135 чалавек. Паводле яго слоў, большасць з іх затрымалі падчас даглядаў, бо пры сабе ў іх былі прадметы, якія можна выкарыстаць як зброю.
У Парыжы прэфектура паліцыі ў апошні момант забараніла шэсце па традыцыйным маршруце ад плошчы Бастылі да плошчы Нацыі. У выніку калона прайшла па паўднёвай частцы горада. Левыя партыі абвінавацілі ўлады ў тым, што тыя наўмысна дэзарганізуюць пратэсты. Бліжэй да канца шэсця абстаноўка напалілася: у паліцэйскіх паляцелі розныя прадметы, тыя ў адказ ужылі слёзацечны газ і вадамёт. У прэфектуры заявілі, што ў сутыкненнях удзельнічалі каля 500 чалавек, якіх там назвалі «пагромшчыкамі».
Сутычкі з паліцыяй адбыліся і ў іншых гарадах. У Ліёне, дзе маніфестацыі былі забароненыя, некалькі тысяч чалавек збіраліся невялікімі групамі. У паліцэйскіх кідалі піратэхніку, сілавікі адказвалі слёзацечным газам. У Нанце ўжывалі газ і вадамёты, там жа атакавалі краму, па гэтым факце затрымалі шэсць чалавек. Паведамлялася пра барыкады ў Бардо і разбітыя вітрыны банкаў у Грэноблі. У Тулузе адзін з пратэстоўцаў атрымаў цяжкую траўму рукі: паводле звестак медыка, яму адарвала некалькі пальцаў праз выбух нейкай прылады паблізу.