BE RU EN

Пратэсты ў Італіі: у Рыме спрабавалі штурмаваць Калізей

  • 25.10.2026, 13:49

На вуліцах Мілана — вайскоўцы.

У суботу ў некалькіх буйных гарадах Італіі прайшлі пратэсты супраць высокага кошту жыцця — дэманстрацыя ў Мілане прайшла мірна дзякуючы значнай прысутнасці спецназу і вайскоўцаў, аднак у Рыме і Турыне адбыліся кароткачасовыя сутыкненні з паліцыяй.

Пра гэта паведаміла агенцтва AP.

У Мілане тысячы маладых людзей прайшлі маршам па вуліцах, якія патрулявалі вайскоўцы, а элітныя буцікі былі забітыя дошкамі. У той жа час, пазней пасля абеду большасць крамаў ужо адкрыліся.

Прэм’ер-міністар Джорджа Мелоні абвясціла пра шэраг мер, у прыватнасці пра накіраванне ў Мілан дадатковых 500 вайскоўцаў і ўзмацненне пакаранняў для непаўналетніх, якія, паводле паліцыі, складалі значную частку ўдзельнікаў гвалтоўных пратэстаў на мінулым тыдні. У выніку ў Мілане паліцыя затрымала некалькіх непаўналетніх у якасці прэвентыўнай меры.

Моладзь у Мілане выкрыквала абразы на адрас Мелоні і ўзнімала транспаранты з надпісамі кшталту «Не дзяржаўнай хлусні». Група пратэстоўцаў высыпала гной перад будынкам італьянскага энергетычнага рэгулятара і спаліла сімвалічны гіганцкі рахунак за электраэнергію.

500 салдат, разгорнутых у Мілане, далучыліся да сотняў вайскоўцаў, якія ўжо знаходзіліся там, аказваючы падтрымку прыкладна 5 тысячам паліцэйскіх і іншых супрацоўнікаў службаў бяспекі. Улады выкарыстоўвалі назіранне з дапамогай дронаў, праверкі на чыгуначных станцыях, падраздзяленні хуткага рэагавання і анлайн-маніторынг на выпадак магчымых заклікаў да гвалту.

Шматлікія крамы, у прыватнасці элітныя буцікі ў міланскім модным раёне, сярод якіх Omega, Tiffany і Gucci, забілі дошкамі свае вітрыны. Крама Apple таксама закрылася і заставалася закрытай нават тады, калі іншыя крамы зноў адкрыліся.

Бяспека была ўзмоцненая таксама ў Рыме, дзе ўлады закрылі для наведвальнікаў элітныя гандлёвыя вуліцы і ўзмацнілі кантроль у асобных раёнах. Невялікая колькасць пратэстоўцаў спрабавала сілай прарвацца ў Калізей, але іх адціснулі ахоўнікі.

У іншых месцах некалькі сотняў студэнтаў правялі мірную дэманстрацыю, каб падкрэсліць, што яны не з’яўляюцца ўдзельнікамі беспарадкаў. Асобны антываенны марш адбыўся ў цэнтры Рыма. Арганізатары спрабавалі дыстанцыявацца ад магчымых беспарадкаў, заклікаючы ўдзельнікаў не хаваць твары і трымаць рукі на віду.

Аднак менавіта гэтыя ўдзельнікі маршу на кароткі час сутыкнуліся з паліцыяй каля плошчы Рэспублікі. У выніку пратэстоўцы адступілі, калі супраць іх ужылі вадамёт.

Апошнія навіны