BE RU EN

Chery прадставіла футурыстычны канцэпт Lepas Aura

  • 25.10.2026, 15:55

Замест рашоткі радыятара — экран.

Кітайскія аўтавытворцы працягваюць пашыраць свае партфелі за кошт новых брэндаў, якім патрэбныя ўнікальныя, пазнавальныя рысы, каб вылучыцца на перанасычаным рынку. Яскравым прыкладам з'яўляецца Lepas — брэнд, створаны кампаніяй Chery у 2025 годзе спецыяльна для экспартных рынкаў. Маючы ў лінейцы кросоверы L4, L6 і L8, кампанія прадставіла новы канцэпт-кар, які вызначае будучы кірунак яе дызайну.

Новая мадэль, якая атрымала назву Lepas Aura, спалучае рысы трохдзвернага хэтчбэка і кузава тыпу «шутынг-брэйк». У яе аснове ляжыць філасофія дызайну пад назвай «Эстэтыка леапарда» (Leopard Aesthetics) — назва, што паходзіць ад слоў «леапард», «скок» (leap) і «страсць» (passion), піша CarScoops.

Канцэпт адрозніваецца аэрадынамічнай лініяй даху, кароткім капотам і доўгай колавай базай. Профіль фарміруюць вялікія дзверы і «мускулістыя» колавыя аркі, а лёгкасплаўныя дыскі маюць пяць авальных адтулін, перакрыжаваных звыштонкімі аранжавымі спіцамі. Уся верхняя частка аўтамабіля — шкляны «купол» — выкананая ў выглядзе адзінай бесшвоўнай панэлі без бачных стоек.

Фота: carscoops.com

Акрамя нестандартнага тыпу кузава, адной з ключавых асаблівасцяў Lepas Aura з'яўляецца агрэсіўны дызайн пярэдняй часткі, які мае прыкметнае падабенства са стылем, уласцівым нямецкай школе аўтадызайну.

«Агрэсіўны» воблік з адсылкай да Audi

Пярэдні бампер абсталяваны масіўнай суцэльнай панэллю, якая выконвае ролю рашоткі радыятара. У яе ўбудаваны дысплей, які цягнецца да бакавых паветразаборнікаў. Такое рашэнне нагадвае новы Audi RS5 (хоць брэнд Lepas ужо выкарыстоўваў падобны матыў у серыйных мадэлях L4 і L8).

У той жа час вузкія святлодыёдныя фары стылістычна пераклікаюцца з нядаўна прадстаўленай Audi A2 E-tron. Задняя частка Aura кароткая; тут размешчаны вялікі дыфузар і суцэльная святловая паласа авальнай формы, што праходзіць па ўсёй шырыні аўтамабіля. Хаця гэты элемент нагадвае святлавое афармленне Xiaomi SU7, насамрэч гэта дысплей, здольны адлюстроўваць графіку, якую можна наладжваць на свой густ.

Іван Дулановіч, галоўны дызайнер Lepas, адзначыў, што ў мадэлі Aura «элегантнасць раскрываецца праз стрыманасць, а не праз залішні дэкор».

Кампанія не раскрыла тэхнічныя характарыстыкі сілавой устаноўкі канцэпта, абмежаваўшыся толькі агульнай заявай пра сваё бачанне «інавацыйнай электрыфікаванай мабільнасці». У залежнасці ад канкрэтнай мадэлі брэнд выкарыстоўвае бензінавыя, гібрыдныя (PHEV) і цалкам электрычныя сілавыя агрэгаты, якія пастаўляе мацярынская кампанія Chery.

Хаця Aura стваралася як дызайнерскі эксперымент, Lepas пацвердзіў, што яе прапорцыі, формы, светлавыя рашэнні і каляровыя схемы знойдуць адлюстраванне ў наступным пакаленні серыйных аўтамабіляў брэнда.

Апошнія навіны