«Белавія» рыхтуе прамыя рэйсы з Мінска на Мальдывы
- 25.10.2026, 16:58
Але адкрыццё накірунку ўскладняюць высокія цэны на паліва.
У беларусаў ёсць шанцы лётаць на Мальдывы без перасадак. Над запускам прамых рэйсаў працуе беларуская авіякампанія. Да канца кастрычніка Мінск «як ніколі блізка падышоў» да адкрыцця накірунку, распавёў кіраўнік Belavia Ігар Чаргінец парталу Office Life.
Пры гэтым яшчэ трэба вырашыць нямала задач, бо маршрут няпросты.
Як адзначыў Чаргінец, на пералёты моцна ўплывае сітуацыя ў свеце. А крызіс з палівам, з-за кошту якога закрываюцца авіякампаніі, адбіваецца і на Belavia.
«Цяпер мы глядзім на кошт паліва ў Мале. У пікавы перыяд там цэны ў тры разы перавышаюць сярэдні кошт на рынку; для нас гэта балюча, бо пералёт далёкі», — патлумачыў кіраўнік Belavia.
Ён падкрэсліў, што гэта можа адбіцца на кошце авіяквіткоў, але рэйс усё роўна будуць спрабаваць адкрыць. Для гэтага ўжо падпісваюць пагадненні.
Паліва — толькі адна з праблем. Да яе дадаюцца цяжкасці з інфраструктурай. Маюцца на ўвазе аблёты з-за сітуацыі на Блізкім Усходзе і закрыццё аэрапортаў і участкаў неба ў Расіі.
Дарэчы, з пачатку 2026 года Мінск прыняў каля 50 самалётаў замежных кампаній, якія ляцелі транзітам праз Беларусь у суседнюю краіну.
З-за скасаваных або затрыманых рэйсаў можа зрушацца расклад, на яго аднаўленне сыходзіць два-тры дні. Чаргінец апісвае сітуацыю: напрыклад, самалёт застаўся ў Маскве, а на ім у гэты ж дзень быў запланаваны рэйс у Тбілісі.
«Вы бачыце, што на табло ёсць і затрымкі, і скасаванні рэйсаў. Мы закладнікі сітуацыі, але для нас галоўнае, каб рэйсы выконваліся бяспечна. Усе гэтыя рашэнні аб затрымках і скасаваннях рэйсаў у першую чаргу прымаюцца з клопатам пра пасажыраў, экіпаж і самалёты», — адзначыў ён.
Такі расклад не надта прыемны як для пасажыраў, так і для самой авіякампаніі, бо сыходы на запасныя аэрадромы, аблёты і выдаткі на паліва вядуць да дадатковых выдаткаў.
Але калі накірунак усё ж адкрыюць, у беларусаў з’явіцца яшчэ адзін варыянт астраўнога адпачынку з простым маршрутам і без праблем з дазволам на знаходжанне ў краіне.
У верасні Беларусь і Мальдывы падпісалі міжурадавае пагадненне аб узаемнай адмене віз.
У класічным разуменні падарожжа там няшмат заняткаў: гарадоў і музеяў, якія можна было б аббегчы, практычна няма. Але і не гэтым славяцца райскія астравы.