На маці экс-прэзідэнта Сербіі Вучыча напалі ў Бялградзе
- 25.10.2026, 20:57
Пра інцыдэнт паведамілі ў Сербскай прагрэсіўнай партыі.
У дзень датэрміновых парламенцкіх выбараў у Сербіі, 25 кастрычніка, група невядомых напала на Ангеліну Вучыч, маці экс-прэзідэнта краіны Аляксандра Вучыча, які змагаецца за крэсла прэм'ера. Аб гэтым заявіла Сербская прагрэсіўная партыя, лідэрам якой з'яўляецца Вучыч. Ён таксама ўзначальвае выбарчы спіс «Аляксандар Вучыч – Адзіная Сербія».
У партыі расказалі, што група маладых людзей, «прыхільнікаў блакады», штурхнула Ангеліну Вучыч, крычала на яе і парвала пакеты з прадуктамі, якія яна несла з рынку. СПП асудзіла такія паводзіны, назваўшы іх непрымальным актам агрэсіі, прыніжэння і запалохвання.
«Ні адна маці, ні адна бабуля і ні адна жанчына не павінны станавіцца аб'ектам гвалту з-за палітычных разыходжанняў! Няма ніякага апраўдання агрэсіі супраць жанчыны, якая стала мішэнню блакаднікаў толькі таму, што яна з'яўляецца маці Аляксандра Вучыча», – гаворыцца ў заяве.
Партыя патрабуе неадкладнай і рашучай рэакцыі з боку кампетэнтных органаў, высвятлення ўсіх абставін гэтага інцыдэнту і прыцягнення да адказнасці ўсіх датычных. Ангеліна Вучыч паведаміла пра напад у паліцыю, СПП чакае, што праваахоўнікі будуць дзейнічаць без прамаруджання, прафесійна і ў адпаведнасці з законам.
СПП дадала, што напад быў учынены не толькі на маці Вучыча, але і на каштоўнасці, за якія выступае кожнае грамадства, якое паважае жанчын, маці і права на годнае жыццё.
«Таму мы чакаем ад усіх палітычных гульцоў выразнага асуджэння гэтага ўчынку – без апраўданняў, разлікаў і двайных стандартаў. Сербія не павінна дазволіць сабе стаць краінай, дзе гвалт і нянавісць замяняюць дыялог і палітычную барацьбу. Сербія мацнейшая за нянавісць і любыя спробы дасягнуць палітычных мэтаў з дапамогай запалохвання і агрэсіі», – падкрэсліла прэс-служба.