BE RU EN

Яшчэ адно абяцанне Лукашэнкі скончылася правалам

  • 25.10.2026, 21:20

Аб'ём гандлю з Манголіяй застаўся «смехатворным».

У гэтыя дні прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух здзяйсняе візіт у Беларусь. На нефармальнай сустрэчы з ім Аляксандр Лукашэнка зрабіў важнае прызнанне, піша «Салідарнасць».

Кіраўнік Манголіі прыляцеў з першым у гісторыі візітам у нашу краіну ў суботу, 24 кастрычніка. У нядзелю ён наведаў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і цэнтр бяспекі жыццядзейнасці МНС.

У другой палове дня Ухнаагійн Хурэлсух прыехаў на нефармальную сустрэчу да Лукашэнкі ў яго рэзідэнцыю «Азёрны» ў Астражыцкім

Там кіраўнік Беларусі, між іншым, зрабіў важнае прызнанне:

— Так, мы гандлюем. Але, пагадзіцеся, аб'ёмы таго гандлю, што сёння ў нас ёсць, проста смехатворныя. Таму сутнасцю нашых перамоваў стане тое, што мы павінны закласці трывалую аснову беларуска-мангольскага сяброўства і адносінаў.

Тут важна нагадаць, што больш за два гады таму, летам 2024 года, Лукашэнка лётаў у Манголію. Тады яго камандзіроўка не мела істотнага зместу і была падобная да шыкоўнага адпачынку.

Аднак Лукашэнка заяўляў, што хоць у дзяржаў на той момант і быў «мізерны» тавараабарот «парадку $30 млн», але ён сітуацыю выправіць:

— І мы з прэзідэнтам (Манголіі — С.) у эканоміцы дакажам, што мы шмат што можам тут зрабіць.

Праз два гады высвятляецца, што папярэдні «мізерны» тавараабарот цяпер і ўвогуле «смехатворны». Давялі, дык давялі.

Апошнія навіны