BE RU EN

У Беларусі рэзка вырасла канкурэнцыя за працу ў ІТ

  • 25.10.2026, 22:09

У некаторых рэгіёнах на адну вакансію прэтэндуюць больш за 100 чалавек.

У Гродзенскай вобласці на адно месца ў ІТ прэтэндуюць больш за 100 чалавек, за год конкурс вырас у тры разы. Чаму спецыялістам не стае працы і з чым звязаны недахоп вакансій? Разбіралася «Радыё Свабода».

У Беларусі становіцца ўсё складаней знайсці працу ў ІТ. Паводле статыстыкі сэрвісу вакансій і рэзюмэ rabota.by, цяпер у краіне на адно месца ў ІТ-сферы прэтэндуюць больш за 30 чалавек. У некаторых вобласцях сітуацыя яшчэ складаней.

Напрыклад, у Гродзенскай вобласці за адно месца змагаюцца 106 чалавек, за год конкурс вырас у тры разы. У Віцебскай вобласці на адну пасаду ў ІТ прэтэндуюць 58 спецыялістаў (год таму гэты паказчык складаў 27), у Магілёўскай — 81,5 (год таму было 36), у Гомельскай — 89 (год таму было 35), у Брэсцкай — 68 (год таму было 39).

Лепш сітуацыя выглядае ў Мінску: 24 чалавекі на месца, а летась было 17. Гэта статыстыка аднаго папулярнага сэрвісу, які параўнаў колькасць вакансій і рэзюмэ.

Міхаіл (імя зменена ў мэтах бяспекі) паўтара месяца шукаў працу ў ІТ у Беларусі, маючы больш за пяць гадоў досведу. Па яго спецыяльнасці было ўсяго каля двух дзясяткаў вакансій на ўвесь Мінск. Суразмоўца лічыць, што яму пашанцавала, бо іншыя калегі шукалі працу значна даўжэй: у адным выпадку гэта заняло год, у другім — паўгода.

«Цяжэй за ўсё тэставальшчыкам і дызайнерам, бо кампаніі ўкараняюць штучны інтэлект. Па маёй спецыяльнасці актуальных вакансій было каля 20, і палова з іх вісяць год-два, то бок шукаюць ідэальнага кандыдата, і для іх нармальна трымаць гэтую вакансію колькі заўгодна.

Знаёмая, маючы пяць гадоў досведу, ужо год шукае працу. Ёсць некаторыя вакансіі з ІТ-спецыфікай ад дзяржаўных кампаній. Калі я праглядаў вакансіі, дакладна шукалі такіх спецыялістаў у «Горремавтодор» з заробкам ад 6000 рублёў. І такіх дзяржаўных кампаній шмат. Таксама ІТ-спецыялістаў шукаюць банкі», — распавёў суразмоўца.

У агульнарэспубліканскай базе вакансій і рэзюмэ цяпер усяго 319 прапаноў працы для распрацоўнікаў. Напрыклад, інжынеру-праграмісту на БелАЗе абяцаюць 1200 рублёў.

Сетка крамаў «Доброном» шукае распрацоўшчыка 1С. Тут заробак вышэй — 6000 рублёў.

Распрацоўніку ў кампаніі, якая займаецца суправаджэннем бізнесу ў сферы электроннай камерцыі, абяцаюць да 12 000 рублёў.

У чым прычына недахопу вакансій

«Радыё Свабода» на ўмовах ананімнасці пагаварыла з некалькімі людзьмі з беларускай ІТ-сферы, якія працуюць на кіраўнічых пасадах. Паводле іх назіранняў, недахоп вакансій сапраўды існуе і звязаны з некалькімі фактарамі.

Перш за ўсё з тым, што «з Беларусі сышлі многія буйныя гульцы рынку», якія «не жадаюць працаваць з беларусамі ўнутры краіны праз санкцыі». Новыя ўмовы стварае і выкарыстанне штучнага інтэлекту.

«Калі раней для нейкага праекта ў камандзе патрабавалася 40–50 чалавек, то цяпер хапае дзесяці, а астатнія застаюцца без працы. Шмат ІТ-спецыялістаў з'ехалі з Беларусі пасля 2020 года. Аднак за гэты час з'явілася шмат новых, і ім трэба недзе працаваць», — распавёў адзін з суразмоўцаў.

Ён удакладніў, што найперш названыя праблемы закранулі аўтсорсінгавыя кампаніі, якія працуюць над праектамі пад заказ. Такіх у Беларусі традыцыйна было большасць. Прадуктовыя кампаніі, што ствараюць уласнае праграмнае забеспячэнне, адчулі гэтыя праблемы ў меншай ступені.

Таксама, паводле суразмоўцаў, у супрацоўнікаў стала менш бонусаў, якія існавалі раней: заробак павышаюць радзей, а шанцаў застацца ў кампаніі падчас паўз паміж пошукамі праектаў стала менш.

Вымушаная пераарыентацыя

Старшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра Beroc Анастасія Лузгіна звяртае ўвагу і на тое, што беларускім кампаніям давялося пераарыентавацца на рынкі СНД і азіяцкіх краін, дзе існуе ўласная канкурэнцыя. Канкурэнцыя ёсць і сярод спецыялістаў у Беларусі, бо працу тут шукаюць не толькі беларусы.

«Працаўладальнікі менш зацікаўленыя ў пачаткоўцах-спецыялістах. У цэлым кампаніі імкнуцца аптымізаваць свае працэсы, наймаць менш супрацоўнікаў, але пры гэтым не зніжаць аб'ёмаў працы і працягваць дзейнасць з прыцягненнем і выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту. Гэта назіраецца ва ўсім свеце. Для Беларусі ў значнай ступені абмежаваныя магчымасці працаваць на высокамаржынальных рынках Еўропы і ЗША.

Таму гэтым кампаніям давялося пераарыентавацца на рынкі краін СНД і азіяцкіх рэгіёнаў. Па-першае, сама пераарыентацыя, пошук новых кліентаў і партнёраў патрабуюць дадатковых выдаткаў. Другі момант — на гэтых рынках таксама ёсць уласныя ІТ-структуры і ІТ-кампаніі, якія, безумоўна, ствараюць канкурэнцыю беларускім кампаніям», — адзначае суразмоўніца.

Некалькі гадоў запар Беларусь апускаецца ў Сусветным рэйтынгу інавацыйнага развіцця (Global Innovation Index 2026). Цяпер яна займае ў ім 88-е месца з 139 магчымых і знаходзіцца паміж Ямайкай і Дамініканскай Рэспублікай. У 2020 годзе ў тым жа рэйтынгу Беларусь была на 64-й пазіцыі.

Рэйтынг складае Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (WIPO), спецыялізаваная ўстанова ААН. Складальнікі рэйтынгу ўлічваюць, наколькі добра краіны ствараюць умовы для інавацый і ператвараюць навуковыя, тэхналагічныя і творчыя распрацоўкі ў рэальныя вынікі.

Апошнія навіны