BE RU EN

«Восемдзесят працэнтаў амерыканцаў лічаць Пуціна нягоднікам»

  • 26.10.2026, 11:41

Экс-пасол ЗША ў Украіне лічыць, што Трамп баіцца ціснуць на Крэмль.

21 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу Уладзімір Пуцін прымаў Стыва Уіткофа. Спецпасланнік Трампа правёў з ім амаль тры гадзіны, прыбыўшы ў Расію пасля перамоваў у Асло, дзе сустракаўся з Уладзімірам Зяленскім і еўрапейскімі лідарамі. Вынік сустрэчы сціплейшы за гучныя чаканні. Пуцін пагадзіўся аднавіць трохбаковыя перамовы на пачатку лістапада. Магчымае месца сустрэчы — Абу-Дабі. Іншымі словамі, бакі дамовіліся зноў дамаўляцца.

Ці гатовы Крэмль адмовіцца ад тэрытарыяльных прэтэнзій? Ці зможа Трамп прымусіць пайсці на саступкі? Экс-пасол ЗША ў Украіне і Узбекістане, дырэктар Еўразійскага цэнтра Атлантычнай рады Джон Хербст кажа «Радыё Свабода», што за словамі пра інвестыцыі ва Украіну пасля заключэння міру хаваюцца тыя самыя гарантыі бяспекі:

– Мы ведаем, што каманда Трампа ўжо даўно казала, што, на іх думку, нельга дасягнуць міру ў Украіне, увайшоўшы ў НАТА. Таму гэта не навіна. Але мы таксама ведаем, што пачынаючы з жніўня мінулага года ЗША і еўрапейскія дзяржавы пачалі гаварыць пра гарантыі бяспекі для Украіны. Значыць, гаворка ідзе пра інвестыцыі і эканамічныя сувязі, але таксама гаворка ідзе пра гарантыі бяспекі.

– Пуцін гаворыць пра мір і пагадзіўся аднавіць трохбаковыя перамовы, але расійскія ўдары па Украіне працягваюцца. Ці можа гэты ціск зламаць украінскі супраціў, як вы лічыце?

– Калі Захад працягне дапамагаць Украіне, працягне даваць тую дапамогу, якая патрэбная Украіне, Пуцін не зможа зламаць Украіну, бо ўкраінскі народ разумее, што Пуцін хоча ўзяць пад кантроль іх жыццё, і яны не могуць жыць на сваёй тэрыторыі як украінцы, калі Расія трымае кантроль над краінай.

– Спадар пасол, цяпер, на ваш погляд, гэта тупік, вайна працягваецца, з другога боку, сустракаюцца амерыканцы і расіяне, палітыкі і пасланцы Трампа. Які вы наогул бачыце выхад, ці вы лічыце, што нічога не адбываецца і пазітыўных навін няма?

– Я, безумоўна, не бачу добрых навін. На мой погляд, падыход Трампа да гэтай вайны мае два галоўныя аспекты. Ёсць добры фактар і дрэнны фактар. Добры фактар — гэта тое, пра што неаднаразова казаў Дональд Трамп: ён хоча дасягнуць трывалага, стабільнага міру, і ў выніку гэтага міру Украіна самастойная і па-за пагрозай. Гэта яго мэта, як ён часта гаварыў. Але потым ёсць іншы элемент, або фактар. Гэта тое, што Трамп не любіць сутыкненняў з Пуціным. Чаму — не ведаю, але гэта відаць. І каб дасягнуць міру, яму трэба ціснуць на агрэсара, маю на ўвазе — ён павінен ціснуць на Расію. А ён не любіць гэтага рабіць. Яму лягчэй ціснуць на Украіну; Зяленскі казаў «так» на 6–7 прапаноў Трампа пра мір, а Пуцін ад усіх іх адмовіўся. І ўсё ж Трамп не хоча ціснуць на Пуціна. Таму гэтыя два фактары тлумачаць, чаму Трамп адзін дзень гатовы накласці санкцыі на Расію, а другі дзень ён крычыць на Зяленскага, нібыта Зяленскі не хоча міру. А насамрэч Зяленскі гатовы да міру, Пуцін — не.

– Вось вы цяпер слушна сказалі, што Трамп увесь час змяняе свой пункт погляду. А як на гэта павінны рэагаваць еўрапейцы, сам Зяленскі? Дзе праўда, дзе хлусня? Як размаўляць з такім чалавекам, які непрадказальны?

– Мы бачым падыход, які працуе ў дадзены момант. Безумоўна, Зяленскі не гатовы даць тое, што хоча Трамп, калі тое, што хоча Трамп, ускладняе ўкраінскія спробы абараняцца. Таму ён не гатовы аддаць Крамлю заходні Данбас. Гэта была б вялізная стратэгічная памылка. Але гэта з аднаго боку. З другога — Зяленскі хоча адабрэння Трампа, але толькі не коштам бяспекі Украіны. І наогул, еўрапейцы робяць тое самае. Рютэ размаўляе з Трампам, як з дзядзькам. І ўсе ў Еўропе сарамаюцца гэтага. Але насамрэч гэта нядрэнны падыход, бо Трамп лічыць Рютэ сябрам, і Рютэ таму можа звяртацца да Трампа з просьбамі, з прапановамі, і гэта дае яму ўплыў.

– Уіткоф пасля сустрэчы дзякаваў Пуціну за вызваленне амерыканскага зняволенага Стывена Хабарда. Вось як такія падарункі ўспрымаюць амерыканскія выбаршчыкі і палітыкі?

– Ну, вядома, амерыканцам падабаецца, калі амерыканца вызваляюць ад тырана, як атрымалася з гэтым Хабартам. Але Трамп хацеў пераканаць амерыканскую публіку і таксама рэспубліканцаў у Кангрэсе, што ён мае права на тое, што цяпер робіць з Украінай. Але такія спробы з боку Трампа не мелі поспеху, бо 80% амерыканцаў лічаць Пуціна нягоднікам. Амерыканцам не даспадобы, калі задавальняюць нягодніка. Амерыканцы разумеюць, рэспубліканцы ў Кангрэсе разумеюць, што цяпер Трамп нясправядліва і неразумна цісне на Зяленскага. Але я таксама павінен дадаць яшчэ адзін факт. Трамп кажа так, нібыта Пуцін проста аддаў яму Хабарда. Але ён, Трамп, не кажа пра тое, што каманда Трампа ціснула на Чарнагорыю, каб вызваліць Звінчука, ваенкара «Рыбара». Нават Амерыка лічыць Звінчука злачынцам. Але з-за ціску Трампа «Рыбар» вярнуўся ў Расію. Таму ЗША атрымалі Хабарда.

– Многія эксперты кажуць, што пасля выбараў, пакуль мы не ведаем, чым яны скончацца, Трамп можа кардынальна змяніць свой пункт погляду. Ці ён будзе і далей ціснуць на Кіеў, а не на Маскву?

– І адно, і другое магчыма. Але, напэўна, Трампу будзе цяжка працягваць такую палітыку пасля нашых выбараў, бо Кангрэс зноў вернецца ў Вашынгтон працаваць. І многія кангрэсмены, уключаючы рэспубліканцаў, кажуць, што трэба правесці расследаванне палітыкі Трампа па гэтых пытаннях. Трамп павінен непакоіцца такой перспектывай.

Апошнія навіны