ЗСУ нанеслі ўдар па хімзаводзе ў Варонежы, які вырабляе ракетнае паліва
- 26.10.2026, 12:22
Прадукцыя завода адносіцца да тавараў двайнога прызначэння.
Расійскі Варонеж падвергся масіраванай атацы дронаў: паведамлялася пра выбухі і прылёты ў розных раёнах горада. У сетцы пішуць, што ў выніку мог быць паражаны нафтахімічны завод «Варонежсінтэзкаўчук».
Як піша Astra, чорны дым на відэа атакі БПЛА ў Варонежы падымаецца над тэрыторыяй прадпрыемства.
Раней губернатар Варонежскай вобласці Гусеў заявіў, што мінулай ноччу над рэгіёнам знішчылі 113 беспілотнікаў, з іх 70 нібыта збілі непасрэдна над Варонежам. Ён таксама пацвердзіў узгаранні на прамысловых прадпрыемствах.
«Варонежсінтэзкаўчук» вырабляе тэрмаэластапласты і сінтэтычныя каўчукі і належыць кампаніі «Сібур». Прадукцыя завода адносіцца да тавараў двайнога прызначэння. Прадпрыемства штогод выпускае больш за 385 тысяч тон прадукцыі, якая выкарыстоўваецца, у тым ліку, пры вытворчасці шын для ваеннай авіяцыі і цяжкай колавай тэхнікі, а таксама рэзінатэхнічных вырабаў для бранятэхнікі і суднабудавання.
Сінтэтычны каўчук выкарыстоўваюць і ў ракетабудаванні. У Генштабе ЗСУ паведамлялі, што завод удзельнічае ў вытворчасці цвёрдага ракетнага паліва, якое прымяняецца, у тым ліку, для балістычных ракет аператыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр».
Акрамя таго, з-за атакі БПЛА спынілі рух цягнікоў на ўчастку пад Варонежам: у кантактнай сетцы адсутнічае напружанне. Таксама пашкоджаны вагон пасажырскага цягніка «Анапа — Масква».