BE RU EN

Украінскія робаты змянілі сітуацыю пад Куп’янскам

  • 26.10.2026, 14:25

Узброеныя сілы Украіны стварылі спецыяльны калідор.

Падраздзяленне «Арыён» Нацыянальнай гвардыі Украіны стварыла робатызаваны калідор пад Куп’янскам для лагістычных паставак непасрэдна на лінію фронту. Пра гэта паведамілі ў падраздзяленні, дадаўшы, што ўсяго за адзін месяц дзякуючы гэтаму калідору было праведзена 85 баявых місій і незаўважна для ворага дастаўлена 30 257 кілаграмаў грузу, піша unian.net.

«Мы развенчалі стэрэатып пра тое, што для забеспячэння арміі патрэбныя калоны грузавікоў і сотні салдат пад прыцэльным агнём. Нашы робататэхнічныя комплексы — гэта „ціхая кроў“ фронту. Калі вораг думае, што нашы пазіцыі знясіленыя, туды сярод ночы ціха заходзіць гусенічная платформа і дастаўляе тону боепрыпасаў. 99,57% нашых місій — паспяховыя», — адзначыў афіцэр групы кіравання штаба падраздзялення «Арыён» Уладзіслаў Залатароў.

У падраздзяленні прывялі прыклад адной з такіх аперацый, якая адбылася ў верасні. Тады ў байца на пазіцыі абвастрылася язва страўніка. З-за ўнутранага крывацёку вайсковец не мог чакаць выхаду з пазіцыі. Таму камандзіры накіравалі да яго робатызаваную платформу, якая эвакуявала байца і бяспечна даставіла яго да медыкаў.

На гэтым фоне, як адзначылі ў падраздзяленні, РФ разгарнула паляванне на робатаў з «Арыёна». На іх нацэлены спецыялізаваныя экіпажы аэравыведкі і ўдарных БПЛА, якія высочваюць і знішчаюць выключна наземную лагістыку.

«Вораг палюе на наша „жалеза“ ярасней, чым на бранятэхніку, бо разумее: нашы робаты зводзяць іх тактыку знясілення на нішто. Але мы аналізуем кожны іх крок і выконваем задачы без рызыкі для людзей», — дадаў Уладзіслаў Залатароў.

Апошнія навіны