BE RU EN

У Слоніме сведка скрала ў маладых 3000 рублёў проста на вяселлі

  • 27.10.2026, 21:38

22-гадовая дзяўчына вызвалася дапамагчы сабраць падарункі пасля банкету.

У Слоніме вяселле скончылася крымінальнай справай для блізкай сяброўкі маладых. 22-гадовая дзяўчына, якую пара запрасіла сведкай, вызвалася дапамагчы сабраць падарункі пасля банкету. Аднак замест гэтага яна забрала сабе 3000 рублёў, паведамілі ў УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Інцыдэнт адбыўся на пачатку кастрычніка ў адным з кафэ Слоніма. Каля першай гадзіны ночы, калі вясельнае свята падыходзіла да канца, маладыя пачалі збіраць падарункі.

Вызвалася ім дапамагчы 22-гадовая сведка. Дзяўчына ўзяла са стала скрынку з падарункавымі канвертамі і панесла яе ў гардэроб.

Паводле інфармацыі міліцыі, па дарозе яна адкрыла скрынку, у якой знаходзіліся чатыры канверты. З іх дзяўчына выбрала той, дзе ляжала самая вялікая сума, — 3000 рублёў.

Прапажу маладая жонка заўважыла толькі праз тыдзень. Пасля гэтага яна звярнулася ў Слонімскі РАУС.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку аднавілі падзеі вясельнай ночы і ўстанавілі падазраваную.

Высветлілася, што да таго часу сведка ўжо патраціла 3000 рублёў на азартныя гульні. Свой учынак яна патлумачыла недахопам грошай.

У дачыненні да 22-гадовай дзяўчыны ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле «Крадзеж». Паводле інфармацыі УУС, ёй пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, яна павінна будзе кампенсаваць прычыненую шкоду.

Апошнія навіны