BE RU EN

Пад Брэстам з'явілася сняжынка, якая ружавее на холадзе

  • 27.10.2026, 22:12

Пра што яна папярэджвае вадзіцеляў?

На пад'ездзе да вёскі Цюхінічы ў Брэсцкім раёне тэстуюць разметку, якая змяняе колер пры пахаладанні. Белая сняжынка на асфальце становіцца ружовай, папярэджваючы вадзіцеляў пра магчымы галалёд на мосце. Пра эксперымент БелТА расказалі ў РУП «Брэстаўтадар».

Піктаграму нанеслі на дарозе Р16 перад пад'ёмам на мост. Яе ўнутраную частку пафарбавалі спецыяльнай фарбай: пры тэмпературы вышэй за +4°C яна белая, а пры паніжэнні ніжэй за гэтую адзнаку становіцца ружовай.

Змена колеру сігналізуе пра рызыку ўтварэння лёду, а не пра тое, што ён ужо з'явіўся.

«Змена колеру на ружовы — гэта сігнал для вадзіцеляў, што на штучных збудаваннях магчымы галалёд з-за больш хуткага прамярзання бетону», — патлумачылі дарожнікі. У такой сітуацыі вадзіцелям варта знізіць хуткасць і быць уважлівей.

Паводле спецыялістаў, падобных эксперыментаў у Беларусі раней не праводзілі. Фарбу выпускае рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны «Брэст».

Выпрабаванні ўзгаднілі з абласной ДАІ. Каля моста плануюць усталяваць знак з інфармацыяй пра эксперымент, а зімой спецыялісты правераць, наколькі дакладна працуе сняжынка.

Для шырокага прымянення фарбу яшчэ трэба сертыфікаваць: яна выходзіць за рамкі дзеючага СТБ. У перспектыве такую разметку змогуць наносіць каля мастоў і пуцеправодаў.

Апошнія навіны