Падпалкоўніка ЗС Расіі прыгаварылі да 21 года калоніі за здымкі фэйкавых відэа пра «подзвігі» на фронце
- 27.10.2026, 23:39
Яго таксама абвінавацілі ў арганізацыі самастрэлаў дзеля выплат.
Пецярбургскі гарнізонны ваенны суд прыгаварыў да 21 года калоніі строгага рэжыму Канстанціна Фролава — сына экс-замгендырэктара па дзяржаўнай праграме ўзбраенняў «Раскасмаса» Алега Фролава, абвінавачанага ў прысваенні сродкаў пры закупцы абсталявання. Канстанціна Фролава — былога начальніка групы спецаперацый 83-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады ЗС РФ — прызналі вінаватым у незаконным абароце зброі і боепрыпасаў, хабарніцтве і махінацыях з раненнямі, атрыманымі ў выніку самастрэлаў, і пазбавілі звання падпалкоўніка, піша «Коммерсант». Як устанавіў суд, Фролаў (пазыўны «Палач») стварыў у зоне «СВА» банду з больш як 30 саўдзельнікаў з мэтай крадзяжу грошай.
План Палача палягаў у інсцэніроўцы баявых подзвігаў дзеля атрымання дзяржаўных узнагарод і выплат. Для гэтага ўдзельнікі групы здымалі пастаноўчыя відэа. Напрыклад, у снежні 2023 года члены АЗГ стварылі ролік з нібыта падрывам на фронце калоны тэхнікі, у студзені 2024-га — відэа, якое паказвала напад дронаў ЗСУ на іх групу. Паводле даных следства, у некаторых выпадках члены банды «ўжыўлялі» ў розныя часткі сваіх цел падрыхтаваныя аскепкі боепрыпасаў і фальсіфікавалі сляды раненняў. Прычым часам у гэтым удзельнічалі і медыкі. Таксама байцы стралялі адзін у аднаго і атрымлівалі раненні дзеля выплат, усталявалі следчыя. Некаторыя фэйкавыя ролікі траплялі ў эфір федэральных каналаў і ўслаўлялі неіснуючыя подзвігі.
Напрыклад, адзін з сюжэтаў, што трапілі на ТБ, быў прысвечаны «унікальнай групе снайпераў», якую ўзначальваў камандзір з пазыўным Палач. У ім распавядалася, што пасля сёмага ранення афіцэр «па велінню афіцэрскага гонару» адмовіўся ад рэабілітацыі і вярнуўся на фронт.
Пры гэтым сам Фролаў атрымаў рэальнае раненне, калі на палігоне спрабаваў зняць пастаноўчае відэа, дзе ён кідаў гранату ў бліндаж. У выніку снарад рыкашэтаваў ад сцяны назад да ног Палача і выбухнуў, прычыніўшы яму «рэальныя цялесныя пашкоджанні». Таксама ў верасні 2023 года па вайскоўцу стрэлілі ў перадплечча з АК‑12 з глушальнікам з адлегласці каля паўметра, але пашкоджанне «не было сур'ёзным», гаворыцца ў матэрыялах справы.
Акрамя таго, Фролаў стварыў фіктыўную групу па выпрабаванні дронаў новых узораў пад выдуманымі назвамі «Сатурн-туман ВП» і «Бізон ВП», як усталявала следства. Таксама зламыснікі набывалі трафейную агнястрэльную зброю і выбухоўку, частка якіх перадавалася ў якасці падарункаў высокапастаўленым чыноўнікам, сказана ў справе. Сам Фролаў заяўляў, што некаторыя рэчы былі перададзеныя ў тым ліку і ў парк «Патрыёт».
Рашэннем суда Палача пазбавілі чатырох ордэнаў Мужнасці, медаля «За адвагу» і медаля ордэна «За заслугі перад Айчынай» II ступені. Сам асуджаны звязваў крымінальную справу з абвінавачаннямі супраць бацькі.