На расТВ разбілі мары Z-патрыётаў пра «новую Ялту»
- 28.10.2026, 8:17
Расія паслухмяна ідзе ў фарватары Кітая.
У эфір прапагандысцкага тэлеканала НТВ прарвалася праўда пра сапраўдны стан Расіі. Там адкрыта загаварылі пра тое, што РФ сёння занадта слабая, каб спрабаваць дзяліць свет са звышдзяржавамі — Злучанымі Штатамі і Кітаем. Гучная заява прагучала ў эфіры прапагандысцкага ток-шоу «Месца сустрэчы», перадае Dialog.UA.
Перадача была прысвечаная будучай сустрэчы дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна з лідарамі ЗША і КНР — Дональдам Трампам і Сі Цзіньпінам. Там праводзілі паралелі з ялцінскімі пагадненнямі, намякаючы на падзел сфер уплыву ў свеце. Адзін з запрошаных экспертаў не вытрымаў і агучыў праўду — Расія занадта слабая нават для таго, каб прэтэндаваць на Закаўказзе, не кажучы ўжо пра большае.
«Гэта будзе “Ялта” на дваіх — паміж Кітаем і Злучанымі Штатамі. Ну давайце не будзем раздуваць! (…) Ну, нічога з намі дзяліць не будуць! Мы цяпер не ў тым стане. Мы саюзнік Кітая, і ў дадзеным выпадку ідзем у кітайскім фарватары. Ніякіх пастаянных сустрэч у такім фармаце не будзе. Дай Божа, каб і да гэтай прымусілі… Але вось гэтыя вар'яцкія планы падзелу (свету — рэд.)! Хтосьці ўсур'ёз верыць, што Турцыя ўвойдзе ў зону ўплыву Расіі? Яны звар'яцелі. Думаю, больш шанцаў, што мы ўвойдзем у зону ўплыву Турцыі ў цяперашняй канфігурацыі! Давайце я не буду сыпаць соль на рану і расказваць, якія ў нас пазіцыі на Закаўказзі. Мне няма чым вас суцешыць! Свет дзяліць не будуць, каб Расіі нешта такое выдзяліць!» — заявіў удзельнік прапагандысцкага ток-шоў.
З ягоных слоў, адзінае, на што можа прэтэндаваць на гэтай сустрэчы Крэмль, — гэта размова пра Украіну. Ён заклікаў скарыстацца дабразычлівым стаўленнем Трампа, пакуль ён яшчэ мае ўладу над уласным Сенатам, бо пасля выбараў, на думку прапагандыста, яго ўплыў будзе моцна падарваны.