BE RU EN

«Ён быў мацнейшы за многіх з нас»

  • 28.10.2026, 11:43

На Канстанціна заўсёды можна было спадзявацца.

Беларускі актывіст Максім Сяргеец расказаў пра сваю першую сустрэчу з удзельнікам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і журналістам «Хартыі’97» Канстанцінам Іванавым.

— У 2008 годзе, рыхтуючыся да чарговай акцыі пратэсту — адразу пасля ночы, праведзенай за расклейваннем улётак па ўсім горадзе, — я падышоў да кававага аўтамата на цэнтральным чыгуначным вакзале ў Мінску, — піша ён. — У чаканні кавы я машынальна агледзеў залу чакання.

Маю ўвагу прыцягнула выцвілая сіняя майка на адным з прысутных; яе незвычайны, нібыта «дзіўны» адценак адразу кінуўся ў вочы.

Я падышоў бліжэй, нахіліўся да мужчыны і максімальна нізкім, хрыплым голасам прашаптаў:

— Жыве Беларусь!

— Жыве вечна! — пачуўся адказ. Яго сонныя вочы адразу забегалі па баках: ён прыглядаўся, ці няма падвоху.

Так я пазнаёміўся з Канстанцінам.

А пазней мы разам сядзелі ў турме.

Затрыманні, пратэсты, эміграцыя, паездкі, фестывалі.

На Кузю заўсёды можна было спадзявацца. Калі ён даваў слова — значыць, трымаў яго. Але ў яго было і тое, чаго многім з нас не стае: калі ён разумеў, што не можа дапамагчы, або лічыў якуюсьці задуму дурной, ён наўпрост казаў, што ўдзельнічаць не будзе.

Ён мог скласці кубік Рубіка з завязанымі вачыма — і адразу прасіў даць яму задачу складанейшую (пасля яго засталася цэлая калекцыя разнастайных мадыфікацый кубіка Рубіка; ён пастаянна трэніраваў розум). У спрэчцы ён мог спакойна выслухаць апанента, а потым — усяго некалькімі словамі — «пакласці яго на лапаткі».

А часам, не ў сілах больш слухаць адкрытую лухту, ён спыняў яе рэзкім, вагомым словам — каб не марнаваць час дарма.

Цярплівы, моцны духам, разумны. Ён ніколі нікому не скардзіўся, ніколі не бурчаў.

Ён быў мацнейшы за большасць людзей, якіх я ведаю.

Больш за 15 гадоў ён чысьціў каментары ад ботаў і хэйтэраў, пісаў навіны і ствараў супольнасць, што налічвае дзясяткі тысяч чалавек — людзей, якія сёння, магчыма, нават не здагадваюцца, што ўсё гэта зрабіў ён.

Нават у апошнія дні — амаль паўтара года будучы прыкаваным да ложка — ён працягваў працаваць, амаль не выпускваючы планшэт з рук.

Канстанцін змагаўся да самага канца.

У мінулую суботу, 24 кастрычніка, пасля ўпартай барацьбы за жыццё, ён пайшоў з жыцця.

Спі спакойна, мой дружа.

Развітанне з журналістам «Хартыі'97» Канстанцінам Іванавым адбудзецца ў пахавальным бюро Dom Pogrzebowy Koperski ў Варшаве па адрасе ul. Powązkowska 2, на рагу вуліцы Okopowa. Паніхіда адбудзецца ў чацвер, 29 кастрычніка, у 11:00.

Апошнія навіны