«На фронт мяне, тэрмінова ў брыгаду»
- 28.10.2026, 14:01
Зяленскі распавёў, як Паліса адмовіўся ад пасады пасла ў ЗША.
Сярод кандыдатаў на пасаду пасла Украіны ў ЗША, якіх абмяркоўвалі ва ўладзе, — былы міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба, экс-прэм’ер-міністр Юлія Свірідэнка і намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Павал Паліса. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў падчас зносін з журналістамі, піша «Укрынфарм» 28 кастрычніка.
«Мы абмяркоўвалі кандыдатуры Юліі Свірідэнкі, Дзмітрыя Кулебы, Паўла Палісы, таму што ў яго амерыканская адукацыя, веданне мовы — там трэба шмат працаваць менавіта па вайсковых пытаннях — і яго ведае [прэзідэнт ЗША Дональд] Трамп. Паліса быў бы добрым паслом, але не хоча. Сказаў: “На фронт мяне, вярніце мяне тэрмінова ў брыгаду. Я нікуды з Украіны не з’еду”», — расказаў Зяленскі.
Невядома, чым скончылася абмеркаванне кандыдатур Свірідэнкі і Кулебы. Паводле слоў Зяленскага, кансультацыі працягваюцца.
СМІ пісалі ў жніўні пра магчымае прызначэнне Палісы на пасаду пасла ў ЗША, але сам ён казаў, што не можа адначасова несці і вайсковую, і дыпламатычную службу. Звальненне з вайсковай службы дзеля таго, каб стаць паслом, паводле слоў генерала, супярэчыць яго «маральным і жыццёвым прынцыпам».
«Падчас вайны я павінен быць тут, у сваёй краіне. Таму адзіны фармат, пры якім я магу паехаць у ЗША, — гэта навучанне», — дадаў Паліса.
Паліса — брыгадны генерал, да прызначэння ў ОП быў камандзірам 93-й асобнай механізаванай брыгады «Халодны Яр», намеснікам кіраўніка ОП ён стаў у лістападзе 2024 года, піша «Гордон».
Паліса неаднаразова бываў у ЗША ў складзе ўкраінскай дэлегацыі, у прыватнасці падчас візіту Зяленскага ў Вашынгтон мінулым летам (тады ён нёс у Белы дом карты, якія дэманстравалі сітуацыю на полі бою), а таксама гэтым летам на саміце НАТА ў Турцыі. Тады Трамп нечакана для ўсіх прызнаўся, што захапляецца Палісам.
«Паглядзіце на гэтага хлопца. Ён — адзін з маіх любімых салдат. Я бачу яго. Ён нібыта з кастынгу на галоўную ролю. Прыгожы, праўда?» — сказаў ён і пацікавіўся, як ідуць справы ў украінскага генерала. Той адказаў, што ўсё добра, а Трамп працягнуў: «Мы бачым яго на сустрэчах. Ён зрабіў выдатную працу. Выдатную працу. Усе мы. Вялікі, вялікі герой».