У Расіі вырашылі ўзаконіць крадзеж аўтамабіляў
- 28.10.2026, 14:48
Але толькі з «нядружалюбных» краін.
Камітэт Дзяржаўнай думы РФ па транспарце рэкамендаваў прыняць у першым чытанні падрыхтаваны МУС законапраект, які дазволіць рэгістраваць аўтамабілі, што знаходзяцца ў вышуку па лініі Інтэрпола, калі іх шукаюць па ініцыятыве паліцыі з «нядружалюбных» краін, піша «Коммерсант».
Выступіўшы перад камітэтам намеснік кіраўніка МУС Расіі Ігар Зубаў падкрэсліў, што прапанаваныя змены часткова выкліканыя вайной ва Украіне. Паводле слоў намесніка міністра, яго калегі на акупаваных тэрыторыях часта сутыкаюцца з праблемамі пры рэгістрацыі «былых украінскіх транспартных сродкаў». «Супраціўнік абвяшчаў іх у вышук па лініі Інтэрпола, і ў далейшым, добрасумленна выконваючы закон, мы не маглі іх зарэгістраваць», — заявіў Зубаў.
Таксама намеснік кіраўніка МУС прадставіў праект як часовую меру, прызваную, каб машыны «не пыляліся і не стаялі». Адказваючы на пытанні дэпутатаў, Зубаў запэўніў, што змены ў заканадаўстве не азначаюць суцэльнай безумоўнай рэгістрацыі разыскваемых Інтэрполам машын. Паводле слоў паліцэйскага кіраўніка, ініцыятары вышуку канкрэтнага аўтамабіля могуць у Расію «напісаць, прыехаць, прыслаць дакументы», каб даказаць абгрунтаванасць сваіх прэтэнзій.
МУС падрыхтавала дакумент яшчэ ў лютым, у чэрвені ўрад перадаў яго ў ніжнюю палату парламента. Ініцыятыву ў кастрычніку дэ-факта падтрымаў Вярхоўны суд. У спрэчцы жыхара Санкт-Пецярбурга Данілы Косачова, які набыў угнаны з Канады аўтамабіль, і транспартнай паліцыі, што адмаўлялася рэгістраваць машыну, Калегія па грамадзянскіх справах ВС стала на бок Косачова. Гэтае рашэнне суд ахарактарызаваў як абарону «добрасумленных пакупнікоў іншамарак ад дзеянняў нядружалюбных краін».
Пасля пачатку вайны ва Украіне і ўвядзення заходніх санкцый Расія стала адным з найбуйнейшых рынкаў скрадзеных у Еўропе і Паўночнай Амерыцы аўтамабіляў. Інтэрпол з лютага 2024 па ліпень 2026 года зарэгістраваў 4798 паведамленняў адносна ўгнаных толькі з Канады аўтамабіляў, якія потым эксплуатаваліся ў РФ. Таксама ў межах паралельнага імпарту на расійскі рынак трапілі тысячы ўгнаных іншамарак праз ААЭ.