«Дапамажыце, ніхто не хоча засяляць расіяніна»
- 3.10.2026, 9:17
Мінчанка пашкадавала грамадзяніна РФ і папала на «акупаса».
«Гэтая гісторыя зусім адбіла жаданне здаваць кватэру. Яна стаяла закрытая два гады — хай бы і далей стаяла», — прызнаецца Алена Уладзіміраўна. У мінулым месяцы мінчанка, на сваю бяду, вырашыла «ўвайсці ў становішча» і засяліць у спадчынную аднапакаёўку кватаранта, якому «адмовілі ўсе». Добрая справа не засталася беспакаранай, піша Onlíner.
«Ніхто не хоча засяляць расіяніна»
Чатырохпавярхоўка на Кедышко, 23А зусім не падобная на поле бою. Дом, як гэта і заведзена ў старым жыллёвым фондзе, тоне ў зеляніне; кожная яго пакуль не «адкапіталеная» цаглінка купаецца ў промнях восеньскага сонца. Тым часам менавіта тут разгарнуліся сапраўдныя жарсці вакол арэнды.
— Другога верасня мы размясцілі аб’яву пра здачу кватэры, — распавядае Кацярына, дачка Алены Уладзіміраўны. — За гатовую да жыцця аднапакаёўку прасілі 1250 рублёў, плюс столькі ж у якасці закладу. Па нашым раёне гэта была лепшая прапанова. Таму тэлефон пачаў разрывацца ад званкоў і паведамленняў ужо праз некалькі хвілін пасля публікацыі.
Як пазней стала зразумела са статыстыкі, усяго за адзін дзень пазваніў 81 чалавек. І трэба ж было з усяго гэтага ліку выбраць «акупаса»…
Перш чым здаваць метры, мінчане крыху абнавілі кватэру: пераклеілі шпалеры ў пакоі, правялі генеральную ўборку. Кажуць, у якасці кватаранта хацелі бачыць аднаго чалавека, меркавалі, што гэта будзе студэнт — у двух кроках знаходзіцца БГАТУ.
— Прагляды прызначылі на 4 верасня. Выршылі, што ў працэсе знаёмстваў убачым «свайго» чалавека і менавіта яму здамо, — успамінае Кацярына. — Сярод тых, хто званіў, быў адзін мужчына, Аляксей, які вельмі прасіў засяліць менавіта яго. Расказаў, што ўжо чатыры арандадаўцы «адбракавалі» яго кандыдатуру. Усё з-за таго, што ён грамадзянін Расійскай Федэрацыі.
Пераконваў, што ў беларусаў прадузятае стаўленне да замежнікаў.
Я падумала, што сапраўды многія могуць не захацець звязвацца. Ды і мы, шчыра кажучы, не гарэлі жаданнем: з беларусамі зразумела, як вырашаць праблемы, калі яны раптам узнікнуць, а грамадзянін іншай краіны… Але той, хто званіў, так моцна прасіў, упрошваў.
Да таго ж ён расказаў, што жыць плануе з 17‑гадовым сынам, а той ужо беларус — з сінім пашпартам, ходзіць у школу побач. Таксама Аляксей між іншым згадаў, што сын прапісаны зусім побач, на вуліцы Макаёнка. А жыллё ім патрэбна, бо з маці дзіцяці ўзніклі нейкія рознагалоссі, і яны шукаюць дах над галавой.
Чацвёртага верасня пачаліся прагляды. Сярод тых, хто спяшаўся пазнаёміцца з кватэрай і яе гаспадыняй, былі і бацька з сынам. Кацярына кажа, што падазрэнняў патэнцыйныя кватаранты не выклікалі: самыя звычайныя людзі. Хіба што моцна ціснулі на жаль: маўляў, цяпер здымаюць кватэру па-сутачна, аддаюць шмат грошай і не ведаюць, што будзе заўтра.
— Наша прынцыповая пазіцыя — здаваць кватэру толькі афіцыйна, праз дагавор.
Ён хоць неяк абараняе абодва бакі (хоць калі ўспомніць гісторыю пра «акупасаў» у Шабанах, дык і не скажаш. — Заўв. Onlíner). Плюс мы разлічвалі на засяленне на год, не менш. Агучылі ўсе гэтыя ўмовы Аляксею і яго сыну. Яны пагадзіліся. Таксама вырашылі падстрахавацца і заключыць дагавор з 17‑гадовым хлопцам — грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, — адзначае суразмоўніца.
Пятага верасня бакі сустрэліся ў «Першым Нацыянальным гандлёвым доме» на Усходзе, дзе цяпер размешчаны РСЦ Першамайскага раёна. Уласніца і амаль-кватарант паспелі запоўніць і падпісаць тыпавы дагавор, але не зарэгістравалі яго.
— Высветлілася, што для заключэння дагавора патрэбны тэхпаспорт на кватэру. А ў нас яго ўвогуле не было — афармляючы спадчыну, неяк упусцілі гэты момант. На шчасце, кадастравае агенцтва знаходзіцца ў тым самым будынку, і маці адразу падала заяву на аднаўленне дакумента. Заплаціла за тэрміновасць — тэхпаспорт павінен быў быць гатовы праз тры працоўныя дні, — ўзнаўляе падзеі Кацярына.
Тут бы ўсім і разысціся па сваіх справах, прызначыўшы сустрэчу, калі на руках будзе поўны пакет дакументаў, але мінчане вырашылі ўвайсці ў становішча тых, хто моцна прасіў жыллё.
— Дамовіліся, што адразу аддадзім ім ключы, каб яны маглі пачаць перавозіць рэчы, а сустрэнемся ў РСЦ ужо на наступным тыдні. Аляксей падзякаваў за гатоўнасць ісці насустрач, перадаў 1250 рублёў. Заклад жа паабяцаў аддаць, калі будзем заключаць дагавор.
Дзесятага верасня я забрала тэхпаспорт і адразу ж звязалася з Аляксеем, каб выбраць час для сустрэчы ў РСЦ і рэгістрацыі дагавора.
Але… ён пачаў ўхіляцца: спачатку не мог, бо быў заняты, потым з’ехаў, затым у Маскву з’ехаў яго сын. Пасля ў сына з’явіліся праблемы ў школе. А скончылася ўсё тым, што «сыну наогул нельга з’яўляцца пад камерамі, бо яго разыскваюць, а ў РСЦ усе памяшканні напхана камерамі». Гэта быў ужо нейкі тлум, асабліва з улікам таго, што 5 верасня мы ўжо там сустракаліся.
Вядома, мне ўсё гэта не спадабалася. Параіўшыся з дачкой і зяцем, вырашыла, што трэба разыходзіцца з гэтымі таварышамі. Нашто мне нелегальныя жыльцы? — кажа Алена Уладзіміраўна.
«Не маеце права, высіляйце праз суд»
Але высветлілася, што захацець развітацца з кватарантамі і насамрэч развітацца — зусім не адно і тое ж. Паведаміўшы па тэлефоне Аляксею пра неабходнасць пакінуць аднапакаёўку, Алена атрымала ў адказ буру эмоцый.
— Разумеючы, як гэта ўсё няпроста, мы далі ім шэсць дзён, каб знайсці новае жыллё і з’ехаць. Патлумачылі, што як толькі атрымаем ключы, вернем астатнюю частку грошай (прапарцыйна пражытым дням). То-бок 20 верасня кватэра павінна была быць вольная, — дапаўняе карціну Ягор, зяць Алены Уладзіміраўны. — Аднак у панядзелак, 20 верасня, калі мы прыехалі, Аляксей заявіў, што не толькі нікуды не з’едзе, але і забараняе нам заходзіць у кватэру.
І ўвогуле высіляць яго трэба праз суд. А пакуль няма рашэння — ён тут будзе жыць.
Падазраючы, што пазней могуць з’явіцца абвінавачванні, што з аднапакаёўкі знік мільён долараў, мы і праўда не сталі заходзіць у кватэру. Замест гэтага выклікалі міліцыю, напісалі заяву з просьбай дапамагчы выселіць чалавека, бо жыллё ён займае нелегальна — дагавор жа мы так і не заключылі.
Таксама ўласнікі вырашылі замяніць ніжні замок, каб без іх ведама «акупас» не мог трапіць у кватэру. Трэба будзе забраць рэчы — патэлефануе, і яны дамовяцца. На гэтым і супакоіліся. Аднак званка не паслядоўвала. А на наступны дзень, праязджаючы міма, Кацярына з Ягорам убачылі, што ў кватэры Алены Уладзіміраўны гарыць святло.
Як такое магчыма? Лёгка, калі замяніць замкі, што і зрабіў нелегальны жылец.
— 22 верасня мы вырашылі ўладкаваць засаду, — успамінае абсурдную сітуацыю Ягор. — Амаль дзве гадзіны прасядзелі ў двары, назіраючы за вокнамі. У пэўны момант у пакоі на секунду ўспыхнула святло. Мы адразу ж выклікалі міліцыю, патлумачыўшы, што ў кватэры знаходзяцца пабочныя асобы — падобна на ўзлом з пранікненнем. Праз дзесяць хвілін супрацоўнікі былі на месцы. Пачалі стукаць, але ніхто не адчыняў. Тады і мы, і супрацоўнікі міліцыі паспрабавалі адчыніць дзверы сваімі ключамі — нічога не атрымалася.
І толькі калі прыехаў майстар па замене замкоў, у кватэры пачалося шурханне — Аляксей адчыніў дзверы. Ды яшчэ з прэтэнзіяй: «Я спаў, чаго вы тут варушыцеся, вы не маеце права!»
Уласнікі і амаль-кватаранты зноў адправіліся ў міліцыю.
— Мы не хацелі, каб на чалавека ўзбуджалі крымінальную справу, каб яго пасадзілі. Планавалі дамовіцца. Прапановалі сустрэцца на наступны дзень, каб у прысутнасці ўчастковага Аляксей забраў свае рэчы, а мы аддалі яму грошы за «недажытыя» дні (і за вылікам сумы, якую давялося патраціць на замену замкоў). У адказ ён крычаў, што міліцыя не мае права займацца выселеннем і мы павінны звяртацца ў суд. Нават размахваў незарэгістраваным дагаворам.
У выніку сышліся на тым, што цяпер, у ноч з 22 на 23 верасня, Аляксей забірае каштоўныя рэчы, а на наступны дзень звязваецца з намі, каб вывезці астатняе. Рэчы першай неабходнасці ён і праўда забраў, хоць упіраўся да апошняга і нават міліцыі казаў, што нікуды не паедзе. А астатняе… Вось ужо тыдзень ён не выходзіць на сувязь і ігнаруе нашы звароты, — дзівіцца Ягор.
Сям’я ўзгадвае, што, пакінуўшы кватэру, жылец дэманстратыўна размясціўся з пажыткамі ў пад’ездзе. Колькі ён праседзеў на лесвічнай пляцоўцы — невядома.
Гэта быў загадзя прадуманы план?
Напрыканцы Аляксей пакінуў арандадаўцам сюрпрыз: зачыніў кватэру на верхні замок — той, які ўрэзаў сам і ад якога ў гаспадароў не было ключоў. Мінчанам давялося яшчэ раз выклікаць майстра па ўскрыцці дзвярэй.
— З-за гэтай сітуацыі нам давялося пакамунікаваць з майстрамі па замене замкоў, і, ведаеце, узнікае ўражанне, што гэта пэўны новы трэнд: кватаранты засяляюцца, перастаюць плаціць, але добраахвотна не з’язджаюць, патрабуючы выселіць іх праз суд, — разважае Кацярына. — А што такое суд? Гэта месяцы разбіральніцтваў. Справу можна бясконца зацягваць, паседжанні пераносіць, падаваць апеляцыі. Такім чынам, пражыць без аплаты можна некалькі месяцаў. А потым знайсці наступных арандадаўцаў і правярнуць з імі тую ж схему.
— Ды і Аляксей, збіраючы рэчы, сказаў, што нічога страшнага: нас, арандадаўцаў, шмат, ён наступных знойдзе, — узгадвае Ягор. — Пачуўшы гэта, я спецыяльна абзваніў усіх уласнікаў, якія прапануюць метры ў нашым раёне. Папярэдзіў іх, што ёсць такі таварыш і з ім лепей не звязвацца. Людзі вельмі дзякавалі.
— Атрымліваецца, нас нават выратавала тое, што не паспелі заключыць дагавор. Калі б ён быў, хадзілі б цяпер па судах, — дадае Кацярына. — Увогуле, я цяпер лічу, што з боку органаў рэакцыя на такі прэцэдэнт павінна быць жорсткай, інакш гэта стане сігналам для ўсіх несумленных людзей: можна мяняць замкі ў ўпадабанай кватэры і жыць у сваё задавальненне. Ну і арандадаўцам парада: не трэба быць мяккімі, падатлівымі — калі пачалося нешта падазронае, дзейнічаць варта жорстка. І весці ўсю камунікацыю праз перапіску, каб потым былі доказы. Размовы па тэлефоне — гэта слова супраць слова.
— Як думаеце, чаму ваш жылец ухіляўся ад заключэння дагавора? Бо тады сапраўды можна было б не плаціць і расцягнуць працэс выселення месяца на тры.
— Мы прыйшлі да высновы, што ў яго, найхутчэй, проста не было вольных 1250 рублёў, якія трэба было ўнесці як заклад. Ён жа і нам у пэўны момант крычаў: маўляў, вярніце ўсю суму — тады я з’еду, — успамінаюць Кацярына і Ягор.
— Пашкадавалі людзей, — уздыхае Алена Уладзіміраўна. — Лепей бы засялілі студэнта, які матываваны жыць побач з універсітэтам.
Дайшлі мы і да тых часоў, калі студэнты — катэгорыя, якой раней наогул стараліся не здаваць жыллё, — сталі надзейнымі кватарантамі.