BE RU EN

Літва падняла ў паветра знішчальнікі з-за «неапазнаных лятаючых аб’ектаў»

  • 3.10.2026, 11:59

Праца аэрапорта Вільнюса была абмежавана.

Жоўты сігнал небяспекі абвясцілі ў Віленскім уездзе, ва Укмерге раніцай 3 кастрычніка з-за пазнакі, якая з’явілася на радары. У неба падымалі знішчальнікі, паведамілі у Узброеных сілах Літвы.

Жыхарам разаслалі паведамленні ад Узброеных сіл Літвы з заклікам ведаць бяспечныя месцы, а таксама з папярэджаннем не набліжацца да падазроных аб’ектаў у выпадку іх выяўлення, перадае партал экстраннай службы.

У Узброеных сілах Літвы паведамілі, што раніцай 3 кастрычніка выявілі на радары «пазнаку».

«Знішчальнікі паднятыя ў паветра для выканання звычайнай працэдуры ідэнтыфікацыі», — папярэдзілі ў ваенным ведамстве.

Пазней у Узброеных сілах Літвы паведамілі пра адмену паветранай трывогі.

«Мы можам працягваць нашу звычайную дзейнасць. Знішчальнікі не выявілі ніякіх аб’ектаў у гэтым раёне, а верталёт ВПС дадаткова агледзіць раён, дзе сігнал знік з радараў».

У сувязі з паветранай трывогай праца аэрапорта Вільнюса і выкарыстанне паветранай прасторы былі на некаторы час абмежаваныя.

Апошнія навіны