Украінскі дэсантнік прыкінуўся расіянінам і выведаў пазіцыі акупантаў
- 3.10.2026, 21:16
Ворагі нічога не западазрылі.
Баец 79-й асобнай дэсантна-штурмавой Таўрычаскай брыгады Яўген з пазыўным «Марячок» падчас аднаго з баявых выхадаў здолеў перахітрыць акупантаў, выдаўшы сябе за расійскага вайскоўца. Як паведамляе «Главком», гісторыю штурмавіка брыгада распавяла ў сацсетках.
Падчас руху па тэрыторыі ўкраінскія байцы нечакана наткнуліся на расійскага вайсковага. Каб не быць выкрытым і выйграць час, Яўген хутка выключыў радыёсувязь і перайшоў на рускую мову. Ён заявіў акупанту, што нібыта ідзе з суседняга лесу разам з пабрацімам і быў вымушаны пераапрануцца ў форму ЗСУ, бо іхняя згарэла.
«Я выключыў сваю рацыю, перайшоў на рускую мову, кажу: “Так і так. Вось мы ідзём з таго лесу, пераапрануліся ў іхнюю форму, бо наша згарэла”. Так мы з ім пагаварылі», — узгадвае Марячок.
Каб развеяць любыя падазрэнні, баец завёў нязмушаную размову: папрасіў у праціўніка цыгарэту і вады. Акупант нічога не западазрыў і нават спрабаваў папярэдзіць «сваіх» пра ўкраінскія беспілотнікі. Акрамя таго, ён выдаў размяшчэнне іншых расійскіх пазіцый у пасадцы.
Атрымаўшы патрэбную інфармацыю, штурмавікі аператыўна адышлі ў сховішча, выйшлі на сувязь з камандаваннем і перадалі каардынаты ворага для ўдару беспілотнікамі.
Па словах Марячка, расіяне на гэтым участку былі выматаныя, без нармальнай сувязі і досведу. Звесткі, атрыманыя дзякуючы ваеннай хітрасці, дазволілі байцам 79-й брыгады паспяхова выканаць задачу і замацавацца на пазіцыі.