Два ўніверсітэты з Беларусі трапілі ў сусветны рэйтынг універсітэтаў
- 3.10.2026, 21:38
Універсітэты ацэньвалі па пяці напрамках.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) і Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (БДМУ) ўвайшлі ў сусветны рэйтынг універсітэтаў Times Higher Education 2027. Абодва ўніверсітэты аказаліся ў дыяпазоне 2001+.
У рэйтынг, куды ўключаны ВНУ, якім давяраюць студэнты, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці, дзяржаўныя органы і эксперты галіны, трапілі 2297 навучальных устаноў са 118 краін і тэрыторый. Першую пазіцыю 11-ы год запар заняў Оксфардскі ўніверсітэт. Азія па паказчыках упершыню абышла кантынентальную Еўропу, а ў топ-15 упершыню ўвайшлі адразу тры азіяцкія ўніверсітэты.
Універсітэты ацэньвалі па пяці напрамках: якасць навучання, даследчае асяроддзе, якасць навуковых даследаванняў, узаемадзеянне з індустрыяй і міжнародная дзейнасць.
Балы БДУ: навучанне — 24,0, даследчае асяроддзе — 11,7, якасць навуковых даследаванняў — 9,6, узаемадзеянне з індустрыяй — 44,5, міжнародная дзейнасць — 63,5. Выніковы паказчык універсітэта склаў 12,2–20,3, месца ў рэйтынгу — 2001+.
У БДМУ за навучанне 25,4 бала, за даследчае асяроддзе — 10,1, за якасць навуковых даследаванняў — 4,0, за ўзаемадзеянне з індустрыяй — 16,9 і за міжнародную дзейнасць — 43,9. Выніковы паказчык такі ж — 12,2–20,3, а месца таксама 2001+.
Пасля першых 300 універсітэтаў рэйтынг аб’ядноўвае ВНУ ў групы, калі адрозненні ў іх выніковых паказчыках статыстычна нязначныя. У 2027 годзе групы ідуць па дыяпазонах, апошняя з іх — 2001+.
Акрамя таго, на ўдзел у рэйтынгу падаваў заяўку Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР). Аднак у яго пазначаны статус Reporter: універсітэт прадставіў даныя, але не выканаў крытэрыі для атрымання месца.