У Беларусі рыхтуюць маштабныя падатковыя змены
- 30.10.2026, 13:36
Папраўкі закрануць грамадзян, бізнес і ўладальнікаў аўтамабіляў.
Так званыя «дэпутаты» прынялі ў першым чытанні папраўкі ў Падатковы кодэкс, якія могуць уступіць у сілу ў 2027 годзе. Улады хочуць перанесці тэрміны падачы дэкларацый і сплаты падаходнага падатку, павысіць акцызы і пашырыць пералік даходаў, якія абкладаюцца па павышаных стаўках.
Для фізічных асоб прапануюць перанесці тэрміны, звязаныя з падаходным падаткам. Калі цяпер дэкларацыю трэба падаць да 31 сакавіка, то паводле новых правілаў тэрмін хочуць падаўжыць да 30 красавіка.
Таксама прапануюць змяніць тэрміны ўручэння паведамленняў і сплаты падатку:
паведамленні будуць уручваць не да 30 красавіка, а да 15 чэрвеня;
заплаціць падатак можна будзе не да 1 чэрвеня, а да 1 жніўня.
Зменяцца і тэрміны падачы дэкларацый па падаходным падатку для падатковых агентаў. Замест 20-га чысла месяца пасля справаздачнага квартала іх прапануюць падаваць да 10-га чысла другога месяца пасля квартала.
Праект прадугледжвае павелічэнне ставак акцызаў амаль па ўсіх групах підакцызных тавараў, у тым ліку на тытунёвую прадукцыю.
Для прэміяльнай алкагольнай прадукцыі прапануюць увесці асобную катэгорыю і ўсталяваць акцызы ў паўтара раза вышэйшыя за дзейныя.
Таксама плануюць праіндэксаваць стаўкі зямельнага і экалагічнага падаткаў, транспартнага падатку, падатку на гульнявы бізнес, падатку на валоданне сабакамі і іншых плацяжоў.
У праекце прапануюць пашырыць катэгорыю маладых спецыялістаў, якія змогуць атрымліваць стандартны падатковы вылік.
Акрамя таго, хочуць пашырыць спіс даходаў, якія абкладаюцца падаходным падаткам па павышаных стаўках — 25% і 30%. Падатковым органам плануюць надаць дадатковыя правы для правядзення падатковага кантролю.
Паводле ацэнкі распрацоўнікаў праекта закона, падатковая нагрузка ў 2027 годзе не перавысіць 26% ВУП.