Флот Расіі застаецца без свайго самага магутнага карабля
- 30.10.2026, 16:07
Атамны крэйсер «Пётр Вялікі» рыхтуюць да спісання.
Спецыяльная камісія вырашыла не рамантваць і не мадэрнізаваць цяжкі атамны ракетны крэйсер праекта 1142.2 «Пётр Вялікі». Пра гэта паведаміла прапагандысцкае агенцтва ТАСС.
«Камісія ўжо прыняла папярэдняе рашэнне, канчатковае яшчэ не абвешчана – крэйсер [«Пётр Вялікі»] не падлягае аднаўленню. Карабель мае пэўную ступень зношанасці», – цытуе агенцтва старшыню Усерасійскага руху падтрымкі флоту Уладзіміра Мальцава.
Нягледзячы на абцякальныя фармулёўкі, на думку спецыялістаў, лёс карабля фактычна вырашаны.
Пасля завяршэння мадэрнізацыі іншага атамнага крэйсера – «Адмірала Нахімова» – «Пётр Вялікі» выведуць са складу флоту. Можна сказаць, што расійскі ВМФ ужо застаўся без гэтага карабля – паводле дадзеных партала Defense Express, з 2023 года крэйсер увогуле не выходзіў у мора і стаіць прыкаваным да прычала.
У жніўні 2025 года расіяне дапускалі, што «Пётр Вялікі» ўсё ж адправяць у рамонт, адмовіўшыся ад прынятага ў 2023 годзе рашэння спісаць карабель. Цяпер планы вяртання карабля ў строй ужо неактуальныя.
Для ВМФ РФ гэтае рашэнне, без перабольшання, з’яўляецца гістарычным. Апошнім часам расійскі флот фактычна страціў два ключавыя караблі – адзіны авіяносец («Адмірал Кузняцоў») і адзін з двух атамных ракетных крэйсераў. Замяніць іх Масква ў прынцыпе не зможа, бо даўно не будуе караблі такіх класаў.
На практыцы гэта будзе азначаць адмову ад усталяваных флотскіх традыцый і неабходнасць кардынальна перагледзець канцэпцыю развіцця акіянскага флоту ВМФ РФ ужо ў бліжэйшыя гады.