У Мінску кіроўцаў ператварылі ў кантралёраў
- 30.10.2026, 17:20
Праверкі білетаў ладзяць проста на канчатковых прыпынках.
«Падкажыце, а даўно ў вас кіроўцы падпрацоўваюць кантралёрамі? І на якой падставе на канчатковай кіроўца правярае і не выпускае людзей з транспарту?)» – напісала здзіўленая пасажырка ў Threads.
У «Мінсктрансе» тады адказалі, што паводле правілаў перавозак кіроўца можа праверыць аплату праезду і пры гэтым пакінуць для выхаду адны дзверы.
А ў пятніцу прадпрыемства паведаміла: аказваецца, гэта была не асабістая ініцыятыва канкрэтных кіроўцаў або аўтобусных і тралейбусных паркаў, а цэлая акцыя. У «Мінсктрансе» сцвярджаюць: пасажыры паставіліся да ініцыятывы пазітыўна. У транспарце выяўлілі некалькі «зайцаў», а ў некаторых выпадках незвычны фармат выклікаў спрэчкі, але продажы білетаў у параўнанні з аналагічным днём мінулага тыдня нібыта ўзраслі.
«Дзякуй кожнаму, хто своечасова аплачвае праезд! Падобныя акцыі будуць працягвацца: бо парадак у транспарце — наш агульны клопат», – падсумавалі ў «Мінсктрансе».