Амерыканцы ставяць рэкорды па датэрміновым галасаванні ў ЗША
- 30.10.2026, 21:03
Нават Папа папрасіў бюлетэнь.
Да прамежкавых выбараў у ЗША, ад вынікаў якіх залежыць, якая партыя будзе кантраляваць Кангрэс на працягу наступных двух гадоў, засталося менш за тыдзень. Датэрмінова прагаласавалі ўжо больш як 43 мільёны амерыканцаў.
Штодня свае бюлетэні датэрмінова падаюць ад чатырох да пяці мільёнаў чалавек — значна вышэйшыя паказчыкі, чым на большасці папярэдніх выбараў, перадае BBC.
Паводле слоў прафесара Майка Макдональда, які каардынуе збор даных пра датэрміновае галасаванне ў межах праекта Election Lab Універсітэта Фларыды, асабліва высокая актыўнасць назіраецца ў Тэхасе. Тут ужо прагаласавалі больш за 5,8 мільёна чалавек — на 1,75 мільёна больш, чым за аналагічны перыяд перад выбарамі 2022 года. Незвычайна высокая актыўнасць назіраецца сярод іспанамоўных выбарцаў.
Тэхас — другі па колькасці насельніцтва штат ЗША, дзе традыцыйна падтрымліваюць рэспубліканцаў. Цяпер ён стаў адным з галоўных цэнтраў перадвыбарчай барацьбы: вынік галасавання можа паўплываць на тое, якая партыя будзе кантраляваць Сенат да заканчэння прэзідэнцкага тэрміну Дональда Трампа.
Агульная яўка, паводле папярэдніх ацэнак, можа перавысіць паказчыкі 2020 года і, магчыма, нават 2018-га. Тады на прамежкавых выбарах быў пабіты рэкорд 1914 года па колькасці ўдзельнікаў галасавання.
У штатах, дзе выбарцы павінны пазначаць сваю партыйную прыналежнасць, датэрміновае галасаванне сведчыць пра павелічэнне актыўнасці дэмакратаў. Актыўнасць рэспубліканцаў застаецца прыкладна на ўзроўні 2022 года. Паводле даных на 29 кастрычніка, 44% ужо пададзеных бюлетэняў прыпадаюць на прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі, 31,2% — Рэспубліканскай, яшчэ 24,7% — выбарцам, якія не належаць ні да адной партыі.
Макдональд таксама адзначае рост колькасці тых, хто прагаласаваў датэрмінова, сярод выбарцаў, якія не адносяць сябе ні да адной партыі, аднак наяўныя даныя не дазваляюць вызначыць, за якіх менавіта кандыдатаў яны аддалі свае галасы.
У Паўночнай Караліне, Джорджыі і Фларыдзе пры рэгістрацыі выбарцы павінны ўказваць сваю расавую прыналежнасць. Паводле статыстыкі з гэтых штатаў, павялічылася колькасць галасоў, аддадзеных лацінаамерыканцамі і афраамерыканцамі, тады як актыўнасць белых выбарцаў застаецца прыкладна на ўзроўні датэрміновага галасавання 2022 года. Макдональд тлумачыць гэта тым, што прадстаўнікі расавых і этнічных меншасцяў часцей падтрымліваюць Дэмакратычную партыю, а белыя выбарцы часцей уваходзяць у электаральную кааліцыю рэспубліканцаў.
У Тэхасе выбарцы не ўказваюць ні партыйную, ні расавую прыналежнасць. Аднак ускосныя даныя сведчаць пра істотнае павелічэнне актыўнасці ў шэрагу акругаў уздоўж мяжы з Мексікай, дзе больш за 90% насельніцтва складаюць лацінаамерыканцы. У некаторых з гэтых акругаў колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова, ужо перавысіла агульную яўку на выбарах 2022 года.
Папулярнасць датэрміновага галасавання ў ЗША істотна ўзрасла ў апошнія гады. Этаму спрыяла, у прыватнасці, пандэмія COVID-19, пасля якой усё больш штатаў пачалі прапаноўваць выбарцам магчымасць галасаваць загадзя — асабіста або па пошце.
На выбарах 2020 года, калі амерыканцы абіралі прэзідэнта і членаў Кангрэса, больш за дзве траціны ўсіх галасоў былі аддадзены датэрмінова. Палова з іх паступіла поштай.
Паводле слоў Макдональда, цяпер выбарцы ўсё часцей аддаюць перавагу асабістаму галасаванню, нават калі яно адбываецца датэрмінова. Акрамя таго, яны пачынаюць дасылаць бюлетэні раней, чым на папярэдніх выбарах. Дакладных тлумачэнняў гэтай змене няма. Аднак бюлетэні, дасланыя поштай, часцей прызнаюць несапраўднымі з-за памылак пры запаўненні, а некаторыя выбарцы могуць непакоіцца пра магчымыя збоі ў працы Паштовай службы ЗША.
У некаторых гарадах ужо зафіксавалі рэкордную датэрміновую яўку. Так, у чацвер улады Мінэапаліса паведамілі, што колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова на выбарах, што не супадаюць з прэзідэнцкімі, стала найбольшай за ўсю гісторыю горада.
Датэрміновае галасаванне неўзабаве завершыцца: у шэрагу штатаў яго спыняюць за некалькі дзён да асноўнага дня выбараў, прызначанага на аўторак, 3 лістапада.
Тым часам стала вядома, што ў галасаванні збіраецца ўдзельнічаць нават Папа Леў XIV. Ён дасюль зарэгістраваны як выбарца ў акрузе Віл штата Ілінойс. 3 кастрычніка пантыфік падаў заяўку на атрыманне бюлетэня, паведаміў выданню Chicago Sun-Times кіраўнік апарату канцылярыі сакратара акругі Кім Фладхамер.
Калі Папа запоўніць бюлетэнь і дашле яго, ён стане першым дзеючым пантыфікам, які возьме ўдзел у свецкіх палітычных выбарах.
Галасаванне будзе тайным, таму невядома, за каго прагаласуе Леў XIV. Аднак вясной паміж Папам і Дональдам Трампам, а таксама яго адміністрацыяй, узнік востры канфлікт. У абарону пантыфіка ад крытыкі амерыканскага прэзідэнта выступала нават кіраўніцтва Італіі.