BE RU EN

У Пецярбургу арыштавалі камандзіра вайскова-марской базы Балтыйскага флоту РФ

  • 31.10.2026, 10:07

Нібыта па справе аб хабарніцтве.

224-ы гарнізонны ваенны суд РФ змясціў у СІЗА камандзіра Ленінградскай вайскова-марской базы Балтыйскага флоту Аляксея Суглобава па абвінавачанні ў атрыманні хабару (ч. 6 арт. 290 КК РФ), паведамляе «Фонтанка». Паводле даных выдання, капітан першага рангу быў затрыманы 21 кастрычніка на гарачым у Кранштаце пры атрыманні 1,5 млн рублёў. Разам з ім затрымалі начальніка марской інжынернай службы Федэральнай казённай установы Мінабароны ў Ламаносаве падпалкоўніка Аляксея Іонава. Яму выстаўлена аналагічнае абвінавачанне, ён таксама арыштаваны.

Паводле звестак следства, з канца 2025 года афіцэры сістэматычна атрымлівалі грошы ад бізнесменаў за незаконную перадачу тэрыторыі Ленінградскай вайскова-марской базы ў камерцыйнае карыстанне і агульнае заступніцтва. У прыватнасці, прадпрымальнікі здабывалі пясок і шчэбень у ваенным гарадку Ламаносава. Катлаваны, якія ўтварыліся пасля здабычы, затым запаўнялі будаўнічым смеццем, што дазваляла кампаніям эканоміць на яго ўтылізацыі, гаворыцца ў матэрыялах справы. Суглобаву і Іонаву інкрымінуюць некалькі эпізодаў атрымання хабараў на мільёны рублёў. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У красавіку 2023 года Суглобаў займаў пасаду начальніка штаба Ленінградскай вайскова-марской базы, а ў 2025-м стаў яе камандзірам. На той момант яму было 45 гадоў. Раней ён узначальваў 128-ю брыгаду надводных караблёў Балтыйскага флоту, а таксама камандаваў вартавым караблём «Яраслаў Мудры» і вялікім дэсантным караблём «Каралёў». У 2012 годзе пад яго камандаваннем «Яраслаў Мудры» здзейсніў 200-дзённы паход па Паўночнай Атлантыцы, Паўночным і Міжземным марах, пераадолеўшы больш за 15 тысяч марскіх міль.

Апошнія навіны