BE RU EN

60-гадовае дамінаванне Кітая над крытычна важнымі мінераламі падыходзіць да канца

  • 31.10.2026, 14:48

Галоўная задача ЗША і Еўропы — стварыць альтэрнатыўныя ланцужкі паставак.

ЗША і Еўрасаюз запускаюць маштабныя інвестыцыйныя праграмы, ствараюць стратэгічныя запасы і аб’ядноўваюць намаганні з саюзнікамі, каб зменшыць залежнасць ад кітайскіх паставак рэдказямельных металаў і іншых крытычна важных мінералаў. Вашынгтон выдзяляе 12 млрд долараў на фармаванне ўласнага рэзерву, а Брусэль накіроўвае 3 млрд еўра на развіццё здабычы і перапрацоўкі сыравіны, піша CEPA (пераклад — сайт Charter97.org).

Неабходнасць такіх мер стала асабліва відавочнай пасля таго, як Пекін выкарыстаў экспартныя абмежаванні як інструмент ціску. Кітайскія забароны на пастаўкі рэдказямельных металаў і кампанентаў акумулятараў прымусілі некаторых замежных аўтавытворцаў скарачаць выпуск і спыняць вытворчыя лініі.

Цяпер КНР кантралюе каля 60% сусветнай здабычы рэдказямельных элементаў, 90% іх перапрацоўкі і раздзялення і 94% вытворчасці пастаянных магнітаў. Гэтыя матэрыялы неабходныя для выпуску электрамабіляў, акумулятараў, знішчальнікаў і сучасных сістэм узбраення.

У лютым 2026 года адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа запусціла праект Project Vault — дзяржаўна-прыватны рэзерв крытычна важных мінералаў з фінансаваннем у 12 млрд долараў. Іншая ініцыятыва, FORGE, аб’ядноўвае 17 удзельнікаў і павінна каардынаваць гандлёвую палітыку, інвестыцыі і мінімальныя цэны, якія абароняць заходніх вытворцаў ад кітайскага цэнавага ціску.

Еўрасаюз паралельна рэалізуе праграму RESourceEU коштам 3 млрд еўра. Яна прадугледжвае падтрымку прыярытэтных праектаў, сумесныя закупкі і фармаванне агульных запасаў сыравіны.

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс назваў мэтай FORGE стварэнне «зоны прэферэнцыйнага гандлю» крытычна важнымі мінераламі.

Аднак для стварэння паўнавартасных альтэрнатыўных вытворчасцей спатрэбяцца гады. Кітай дзесяцігоддзямі развіваў не толькі здабычу, але і тэхналогіі перапрацоўкі, падрыхтоўку спецыялістаў і прамысловую інфраструктуру. Таму поспех заходняй стратэгіі будзе залежаць ад таго, ці змогуць ЗША і Еўропа ўзгадніць агульныя правілы, фінансаванне і гарантыі для новых прадпрыемстваў, не ўступаючы ў канкурэнцыю паміж сабой.

Апошнія навіны