BE RU EN

«Гэта першая дакументавана зафіксаваная спроба рэжыму Лукашэнкі нанесці ўдар па ўкраінскай абароне»

  • Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»
  • 31.10.2026, 15:12

Адбылося беспрэцэдэнтнае збліжэнне расійскіх і лукашысцкіх спецслужбаў.

Кіберпрастора становіцца паўнавартасным полем бою для хакерскіх груп саюза дыктатур.

Звычайна, калі гаворка заходзіць пра спецаперацыі ў кіберпрасторы, уяўленне малюе ўзломы доступаў да сховішчаў інфармацыі з мэтай пошуку кампрамату або вядзення выведкі. Аднак новы час кідае новыя выклікі і пагрозы. Сённяшнія аперацыі ў інтэрнэце — гэта не толькі ўзлом пошты.

Кіберпрастора — ідэальнае месца для вядзення асіметрычнай вайны, у аснове якой ляжаць дзеянні ніжэй парога абвяшчэння класічнай вайны. Падумайце самі: сеткавыя «зялёныя чалавечкі» наносяць удары ў прасторы, у якой крыніцу пагрозы складана ідэнтыфікаваць.

Сама прастора валодае спецыфічнымі ўласцівасцямі: для нанесення шкоды неабавязкова мець фізічны доступ. А спосабы удараў і ўздзеяння вельмі цесна сплецены з псіхалагічнымі асаблівасцямі людзей, якія дзейнічаюць у гэтай прасторы.

У пытаннях кібербяспекі велізарную ролю адыгрывае чалавечы фактар. Крадзеж пароляў, кампраметацыя і шантаж карыстальнікаў даюць шырокі прастор для працы хакераў.

Зыходзячы з гэтага, выдаткі на нанясенне шкоды несуадносныя з магчымымі наступствамі. Нізкія рэпутацыйныя выдаткі ад супрацоўніцтва з хакерамі для дыктатур нарадзілі абарончы дысбаланс для дэмакратый.

Для чарговага царачка не ўяўляе праблемы адсыпаць некалькі мільёнаў наяўнымі/крыптай/золатам, каб аплачваць невялікія, але вельмі эфектыўныя групы кіберзлачынцаў, якім усё адно, што ламаць — плацежныя ўліковыя запісы шэраговых грамадзян ці кіраванне сістэмамі інфраструктуры краіны-праціўніка. А ў выпадку раскрыцця крыніцы пагрозы дыктатура заўсёды можа адхрысціцца ад датычнасці да нападаў.

Звязаныя з Крэмлём і афіцыйным Мінскам хакерскія групы працуюць у цеснай звязцы са сваімі калегамі, што дзейнічаюць у інфапрасторы. Адна з асноўных ліній інфармацыйных кампаній супраць заходняга грамадства — пагроза «Еўропы, якая мерзне без расійскага газу». Менавіта энергетычныя і інфраструктурныя аб’екты сталі мішэнню найбольш вядомых і дакументавана зафіксаваных хакерскіх атак.

У снежні 2024 хакерам удалося дыстанцыйна пашкодзіць і вывесці з ладу падачу вады амаль у паўсотні дамоў у Даніі. Дацкая вайсковая выведка FE тады непасрэдна звязала дзеянні хакераў з групы Z-Pentest з расійскім урадам. Гэтая атака добра дэманструе, як можа выглядаць стварэнне хаосу і страта кіравання інфраструктурай пасля такіх удараў.

Яшчэ больш маштабнымі наступствамі магла завяршыцца атака на польскую энергетычную сетку з боку прарасійскіх хакерскіх груповак. Атака адбылася ў снежні 2025 года і закранула больш за трыццаць ветравых і сонечных электрастанцый.

Асобнай мішэнню стала буйная цеплаэлектрацэнтраль з паўмільёнам абанентаў. Хакерам не ўдалося нанесці істотнай шкоды, аднак кожная такая атака дазваляе хакерам набываць досвед і выяўляць уразлівасці сістэм абароны.

З апошняга дакладу кампаніі па кібербяспецы ESET стала вядома пра атаку на ўкраінскае транспартнае прадпрыемства хакерскай групай FrostyNeighbor, звязанай з лукашысцкім рэжымам. Гэта першая дакументавана зафіксаваная спроба лукашысцкіх хакераў нанесці ўдар па ўкраінскай абароне, важнай часткай якой з’яўляецца бесперабойная работа транспартнай сеткі краіны.

Эксперты адзначаюць, што атака магла быць праведзеная ў інтарэсах расійскіх спецслужбаў, і падкрэсліваюць беспрэцэдэнтнае збліжэнне расійскіх і лукашысцкіх спецслужбаў.

Калі развітыя дзяржавы не нададуць належнай увагі такім атакам і не ўкладуцца ў стварэнне спецыяльнай сістэмы антыхакерскай абароны, гэта можа каштаваць занадта дорага для свабоднага свету. Факты пацвярджаюць высокі ўзровень пагрозы ўжо сёння, а не ў далёкай будучыні.

Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»

Апошнія навіны