Расійскі «спадарожнікапад» працягваецца
- 31.10.2026, 19:21
Аб’екты «Рассвета» ў бліжэйшы час згарэюць у атмасферы.
Яшчэ два апараты спадарожнікавай групоўкі «Рассвет», якую расійскія ўлады пазіцыянуюць як «суверэнны аналаг» Starlink Ілана Маска, падаюць на Зямлю і ў бліжэйшы час згарэюць у шчыльных слаях атмасферы. Пра гэта са спасылкай на даныя касмічных назіранняў піша даследчык касманаўтыкі Анатоль Зак.
З 17 спадарожнікаў, адпраўленых на арбіту ў ліпені ў межах другога «пакетнага» пуску, тры так і не дасягнулі стабільнай вышыні каля 500 км, звяртае ўвагу RussianSpaceWeb. Два з іх падаюць: аб’ект Rassvet-30-17, паводле разлікаў, увайдзе ў шчыльныя слаі атмасферы ў суботу, 31 кастрычніка; аб’ект Rassvet-3-23 — на працягу 78 гадзін пасля 6 лістапада, піша The Moscow Times.
Яшчэ адзін спадарожнік, які губляў вышыню з сярэдзіны жніўня, у верасні аднавіў манеўры па павышэнні арбіты. Большасць астатніх спадарожнікаў «стабільныя» на вышыні каля 500 км, зазначае астраном Джонатан Макдаўэл.
У першым «пакеце» напрыканцы сакавіка кампанія, што займаецца праектам, «Бюро 1440» запусціла 17 апаратаў. Адзін з іх так і не выйшаў на зададзеную арбіту і ўпаў на пачатку чэрвеня. 14 апаратаў пачалі фармаваць ланцужок на вышыні крыху больш за 500 км. Пры гэтым ніводны спадарожнік не дабраўся да чаканай вышыні 800 км, адзначаў Зак. Менавіта гэтую арбіту як мэтавую пазначала «Бюро 1440».
Знаходжанне на больш нізкіх арбітах скарачае тэрмін службы спадарожнікаў з-за супраціву верхніх слаёў атмасферы і большага расходу паліва, адзначалі эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW): «Незразумела, колькі часу спадарожнікі „Рассвета“ будуць заставацца на больш нізкіх арбітах, але, верагодна, яны не праслужаць столькі, колькі планавала Расія». Паводле ISW, спадарожнікі першага «пакета» пакуль забяспечваюць расійскім войскам сувязь з наземнымі тэрміналамі на акупаванай тэрыторыі Украіны толькі двойчы на дзень працягласцю да паўтары гадзіны.
У чэрвені 2025 года кіраўнік «Раскасмаса» Дзмітрый Баканаў распавядаў, што на першым этапе групоўка «Рассвет» будзе ўключаць 350 спадарожнікаў, што дазволіць забяспечыць глабальнае пакрыццё ў рэжыме 24/7. Пазней плануецца пашырэнне групоўкі да 900 спадарожнікаў. Праект «Рассвет» коштам 430 млрд рублёў з’яўляецца расійскім адказам амерыканскаму Starlink, сцвярджаў Баканаў.
Пачатак камерцыйнай эксплуатацыі «Рассвета» быў запланаваны на 2027 год. Сістэма будзе выкарыстоўвацца ў тым ліку для кіравання баявымі дронамі, распавядаў у чэрвені прэзідэнт Уладзімір Пуцін. «Яна нічым не саступае „Старлінку“, магчыма, нават у чымсьці і пераўзыходзіць», — гаварыў прэзідэнт.