На выбарах у Кангрэс ЗША ўстаноўлены рэкорд датэрміновага галасавання
- 31.10.2026, 21:37
У апытаннях лідзіруюць дэмакраты.
У ЗША датэрмінова прагаласавалі больш за 50 млн чалавек — рэкордная колькасць для прамежкавых выбараў у Кангрэс, якія адбудуцца 3 лістапада. Гэта вынікае з актуальных дадзеных Election Lab Універсітэта Фларыды. Папярэдні рэкорд быў устаноўлены ў 2022 годзе, калі да асноўнага дня выбараў прагаласавалі 45,9 млн амерыканцаў. Пры гэтым апошнія апытанні паказваюць перавагу Дэмакратычнай партыі над рэспубліканцамі прыкладна на восем працэнтных пунктаў, піша The Insider.
Па стане на 31 кастрычніка, 08:56 па ўсходнім часе ЗША, Election Lab зафіксавала 50,34 млн датэрмінова пададзеных бюлетэняў. Гэта прыблізна на 4,4 млн, або амаль на 10%, больш за выніковую колькасць датэрміновых галасоў на прамежкавых выбарах 2022 года. Пры гэтым да асноўнага дня галасавання застаецца яшчэ тры дні.
У 27 штатах, якія публікуюць звесткі пра партыйную рэгістрацыю выбаршчыкаў, 43,4% тых, хто прагаласаваў датэрмінова, зарэгістраваныя дэмакратамі, 31,6% — рэспубліканцамі, яшчэ 25% не зарэгістраваныя ні ў адной з двух асноўных партый. Розніца складае 11,8 працэнтнага пункта на карысць дэмакратаў. Усяго ў гэтай частцы статыстыкі ўлічаны 24,67 млн чалавек.
Аднак гэтыя лічбы не азначаюць, што дэмакраты ўжо атрымалі 43,4% галасоў. Ідзе гаворка толькі пра партыйную прыналежнасць выбаршчыкаў. Акрамя таго, рэгістрацыя па партыях фіксуецца не ва ўсіх штатах, а прыхільнікі рэспубліканцаў традыцыйна часцей галасуюць непасрэдна ў дзень выбараў.
Перавага зарэгістраваных дэмакратаў назіраецца не ўсюды. Напрыклад, у Пенсільваніі яны складаюць 65% ад тых, хто прагаласаваў датэрмінова, а рэспубліканцы — 25%. У Фларыдзе, наадварот, рэспубліканцы апярэджваюць дэмакратаў прыкладна на два працэнтныя пункты.
Дадзеныя Election Lab таксама паказваюць высокую актыўнасць пажылых амерыканцаў. У 14 штатах, якія публікуюць узроставую статыстыку, 44,9% тых, хто прагаласаваў датэрмінова, — людзі старэйшыя за 65 гадоў, яшчэ 37% — выбаршчыкі ва ўзросце ад 41 да 65 гадоў. На моладзь ад 18 да 25 гадоў прыпадае толькі 5,7%. Пры гэтым гэтыя звесткі нельга аўтаматычна распаўсюджваць на ўсю краіну, бо яны ахопліваюць толькі частку штатаў.
Асабліва прыкметна ўдзел выбаршчыкаў вырас у штатах, дзе праходзяць канкурэнтныя выбары ў Сэнат. Паводле аналізу Associated Press, на 28 кастрычніка ў Тэхасе датэрмінова прагаласавалі больш за 6,3 млн чалавек — на 50% больш, чым на аналагічным этапе выбараў 2022 года. У Мэне рост склаў 44%, у Канзасе — 34%, у Мічыгане — 32%, а ў Паўднёвай Караліне — 83%.
Што паказваюць апытанні перад выбарамі
Па стане на канец кастрычніка сярэдні паказчык нацыянальных апытанняў, якія збірае RealClearPolling, складае 51,4% за дэмакратаў супраць 43,2% за рэспубліканцаў. Перавага Дэмакратычнай партыі дасягае 8,2 працэнтнага пункта.
Апытанне Reuters/Ipsos, праведзенае з 22 па 26 кастрычніка, таксама паказала перавагу дэмакратаў сярод верагодных удзельнікаў галасавання — 53% супраць 44%. Працу прэзідэнта Дональда Трампа адобрваюць толькі 32% амерыканцаў. Яшчэ менш рэспандэнтаў станоўча ацэньваюць яго эканамічную палітыку: 25% адобруюць дзеянні прэзідэнта ў эканоміцы і 20% — яго падыход да кошту жыцця.
Няспрыяльная для рэспубліканцаў сітуацыя адбіваецца і на ацэнках выбарчых акругаў. 30 кастрычніка аналітычны цэнтр Cook Political Report перагледзеў свае ацэнкі адразу некалькіх акругаў Палаты прадстаўнікоў на карысць дэмакратаў. Паводле разлікаў аналітыкаў, партыя можа атрымаць ад 12 да 25 дадатковых месцаў у параўнанні з цяперашнім складам Палаты. Для большасці неабходна кантраляваць не менш як 218 з 435 месцаў.
У Сэнаце цяпер рэспубліканцы кантралююць 53 з 100 месцаў, а дэмакраты і два незалежныя сенатары, якія галасуюць разам з імі, — 47. Каб атрымаць большасць пасля выбараў, дэмакратам неабходна павялічыць сваё прадстаўніцтва як мінімум на чатыры месцы: пры роўнасці галасоў вырашальным будзе голас віцэ-прэзідэнта Джэя Дзі Вэнса.
Паводле даных RealClearPolling, у некалькіх штатах барацьба застаецца асабліва напружанай. У Тэхасе сярэднія паказчыкі дэмакрата Джэймса Таларыка і рэспубліканца Кена Пакстана складаюць адпаведна 48,8 і 47%. У Айове рэспубліканка Эшлі Хінсан апярэджвае дэмакрата Джоша Турэка усяго на 0,5 працэнтнага пункта, а ў Мэне дэмакрат Трой Джэксан апярэджвае дзейную сенатарку-рэспубліканку Сюзан Колінз на 1,4 пункта. У Мічыгане сярэдняя перавага дэмакрата Абдула Эль-Саіда над рэспубліканцам Майкам Роджэрсам дасягае 3,5 пункта.